Як з-за Мытнага саюза беларусы спазняюцца на самалёт у Маскве

Як з-за Мытнага саюза беларусы спазняюцца на самалёт у Маскве

Калі Мытны саюз і прыносіць карысць дзяржаве, то для звычайных беларусаў ён часам стварае нязручнасці, напрыклад, павышэнне пошліны на аўто ці неабходнасць цягаць багаж па маскоўскіх аэрапортах.

Юлія вярталася з Франкфурта ў Мінск у студзені. Білет набыла адразу да Мінска, але з перасадкай у Маскве.

«На рэгістрацыйнай стойцы перавозчыка мне сказалі, што я павінна атрымаць свой багаж у Маскве і зноў яго зарэгістраваць на рэйс да Мінска. Гэта было непрыемна... Я спрабавала спрачацца, бо здаровага сэнсу тут няма. Але супрацоўнікі кампаніі сказалі, што нічога не зробіш, бо гэта Мытны саюз. Відаць, што гэта праўда. Калі ляцела ў Астану праз Маскву, ніякіх падобных глупстваў не было».

У мытні мінскага аэрапорта «Еўрарадыё» пацвердзілі — багаж сапраўды трэба забіраць, калі вы прылятаеце на тэрыторыю Мытнага саюза, бо паміж Расіяй і Беларуссю няма мытнай мяжы і рэйсы ў Мінску не даглядаюцца.

«Мы ляцелі з Лондана ў Мінск праз Маскву, — распавядае жыхарка Мінска Паліна. — У Лондане нам сказалі, што трэба будзе забраць багаж у Маскве, бо такія правілы. А ў нас была гадзіна ці дзве паміж рэйсамі. Пакуль мы чакалі багаж і падняліся, каб яго «зачэкініць» на рэйс у Мінск, нам сказалі, што мы спазніліся».

Паліна набыла прамы білет да Мінска, але кампанія не прадугледзела, што часу можа не хапіць. Таму на рэйс яны не паспелі, і давялося ляцець на наступным праз 5 гадзін.

Ягор ляцеў з Нью-Ёрка таксама праз Маскву ў Мінск. Звычайна ў такіх выпадках нават не выпускаюць з міжнароднай зоны аэрапорта. Але гэтым разам давялося праходзіць усе працэдуры кантролю і выходзіць на тэрыторыю Расіі, а потым зноўку праходзіць дагляд на рэйс у Мінск.

«Па маім досведзе практыка іншая звычайна. Калі нават робіцца перасадка, вы застаецеся ў міжнароднай зоне і не трапляеце ў краіну. І не трэба зноў праходзіць бяспеку, здымаць абутак. Трошкі было дзіўна, але я не пытаў, чаму так. А вось па прыездзе ў Мінск усё выглядала так, нібыта там дзень адчыненых дзвярэй. Увогуле нічога не правяралі: ні сумкі, ні пашпарты».

У беларускім Мытным камітэце «Еўрарадыё» тлумачаць, што ўся гэта працэдура патрэбная, каб… спрасціць перавозку багажу.

«Калі ваш багаж пойдзе пад мытным кантролем у Беларусь, то ён набывае тэрмін — «не суправаджаны багаж». Таму расійская мытня прапануе яго выпусціць асобе, якая яго вязе, і далей гэтая асоба ўжо спакойна перасоўваецца па тэрыторыі Мытнага саюза. Калі ж багаж пойдзе пад мытным кантролем з Масквы, вам давядзецца яго ў Мінску дэклараваць, як не суправаджаны багаж».

Але нават такой магчымасці ў беларусаў няма, бо багаж у Маскве выдадуць абавязкова,  і калі яго не забраць — ён застанецца ў аэрапорце.

У Еўрасаюзе таксама адзіная прастора без межаў. Але калі ляціш у Капенгаген праз Рыгу, у латвійскай сталіцы багаж забіраць не трэба — толькі прайсці пашпартны кантроль.

Віталь Ругайн

Мнения

Вверх