Фестываль ПІКНІК.BY зменіць дыслакацыю?

Фестываль ПІКНІК.BY зменіць дыслакацыю?

Сёлета ў фэста з’явіцца дадатковая сцэна і замежны хэдлайнер, паведамляе Euroradio.fm.

Арганізатары ПІКНІК.BY-2013 выклалі ў інтэрнэт відэа, на якім нібыта чысцяць снег пад будучую фестывальную пляцоўку. Што праўда, зразумець, дзе пройдзе фэст, з гэтага роліка немагчыма. Не расказаў «Еўрарадыё» пра новую пляцоўку і прамоўтар ПІКНІК.BY Нік Маторын. Але іншымі падрабязнасцямі сёлетняй імпрэзы падзяліўся:

«Як і ў мінулым годзе, наведвальнікаў фэсту чакаюць тры сцэны: галоўная, акустычная і сцэна для дыджэяў. Мы не выключаем, што з’явіцца яшчэ адна! А таксама плануем падрыхтаваць дзіцячую пляцоўку ад клуба «Совушка», дзе будуць ладзіцца адукацыйныя і забаўляльныя праграмы для самых маленькіх гасцей фестывалю».

Цяпер ПІКНІК.BY на стадыі фарміравання лайн-апа. Узяць удзел у фэсце арганізатары запрашаюць усіх зацікаўленых музыкаў!

«Будзе шмат беларускіх гуртоў, якія мы любім. Канкрэтызаваць пакуль не хочацца, але іх будзе больш за 20! Мы думаем пра хэдлайнера, у тым ліку і не пра беларускага».


Дату фэсту абвесцяць напрыканцы сакавіка. Тады ж у продажы з’явяцца першыя «ільготныя» білеты на ПІКНІК.BY — без абвяшчэння лайн-апа.

Міра Шульц

Мнения

Вверх