Прэзентацыя каталога фатаграфій Янкі Купалы «Ты гэтых вачэй не забудзь…»

Прэзентацыя каталога фатаграфій Янкі Купалы «Ты гэтых вачэй не забудзь…»

4 красавіка а 17-й Дзяржаўны літаратурны музей Янкі Купалы запрашае на прэзентацыю каталога фатаграфій Янкі Купалы са збору музея Песняра, паведамляе «Наша Нiва».

Каталог «Ты гэтых вачэй не забудзь…» — першая спроба навуковага апісання фатаграфій паэта. У ім прадстаўлена 206 адзінак захоўвання з фондавай калекцыі «Фотаздымкі Янкі Купалы. Янка Купала ў групавых фотаздымках». Многія з фатаграфій утрымліваюць дарчыя надпісы, якія раскрываюць узаемаадносіны Янкі Купалы з вядомымі асобамі.

Выданне змяшчае як шырока вядомыя фатаграфіі першага народнага паэта Беларусі, так і ўнікальныя, якія публікуюцца ўпершыню.

Адметнасцю каталога з’яўляецца наяўнасць побач з выявамі Янкі Купалы ўспамінаў і дакументальных матэрыялаў пра паэта, гісторыю стварэння пэўнай фатаграфіі, падзеі з жыцця творцы. Гэта дае магчымасць не толькі даведацца, як выглядаў Янка Купала ў розныя гады, але і ўявіць асяроддзе паэта, яго адносіны да падзей, якія адбываліся ў краіне і ўплывалі на лёсы людзей.

Каталог фатаграфій Янкі Купалы «Ты гэтых вачэй не забудзь…» — унёсак супрацоўнікаў музея паэта ў справу зберажэння і папулярызацыі Купалавай спадчыны і далучэння да яе шырокіх колаў грамадства.

Ала Дражына

Мнения

Вверх