Ці пройдзе Фэст экскурсаводаў у Гродне?

Ці пройдзе Фэст экскурсаводаў у Гродне?

Ці пройдзе агульнакраёвы Фэст экскурсаводаў у Гродне, застаецца невядомым. Традыцыйна ён праводзіцца ў Міжнародны дзень помнікаў і мясцін, 18 красавіка. У фэсце прымаюць удзел на правах валантарыяту шматлікія экскурсаводы і гісторыкі, паведамляе Беларускае радыё «Рацыя».

У Гродне, як у адзіным абласным цэнтры, летась фэст не быў санкцыянаваны ўладамі. Кажа гісторык і экскурсавод Таццяна Касатая:

– Я не ведаю, што адбудзецца.  У мяне ёсць надзея, што Гродна на гэты раз будзе зноў-такі лідарам, зноў-такі мы правядзем эксурсіі. Але чамусьці большасць і экскурсаводаў, і гісторыкаў вельмі скептычна настроеныя. Кажуць, нават калі  адразу яны не дазволяць, а перанакіруюць у нейкую іншую інстанцыю (я кажу пра гарвыканкам), то ў любым выпадку мы не зможам правесці, бо засталося паўтары тыдні да фэста.

Летась экскурсійны фэст быў сарваны ўладамі, якія з дапамогай міліцыянераў напярэдадні фэста абыходзілі кватэры экскурсаводаў і папярэджвалі тых пра забарону праводзіць бясплатныя экскурсіі. Сёлета беларускі камітэт ICOMOS даслаў у Гродзенскі гарвыканкам паведамленне пра фэст. Адказу пакуль няма.

Якуб Сушчынскі

Мнения

Вверх