Ці адпачывае міністр энергетыкі ў «сваіх» 40 санаторыях і базах адпачынку?

Ці адпачывае міністр энергетыкі ў «сваіх» 40 санаторыях і базах адпачынку?

«Еўрарадыё» цікавіцца, ці можна простаму беларусу адпачыць у ведамасных аздараўленчых установах.

«Колькі ў іх там дамоў адпачынку, прафілакторыяў ды іншых баз адпачынку! Слухайце, яны столькі не працуюць, колькі ў іх баз адпачынку, і яны ўсё адпачываюць», — абураецца ў бок Мінэнерга кіраўнік краіны падчас нарады па пытаннях энергетыкі.

Энергетыкі, падлічыў старшыня КДК Аляксандр Якабсон, адпачываюць у 7 санаторыях, на 14 базах адпачынку і больш як у 20 аздараўленчых комплексах. Журналіст «Еўрарадыё» спрабуе набыць пуцёўку.

«Вы беларусы, так? — найперш цікавяцца ў «энергетычным» санаторыі «Надзея». — Стандартны нумар 250 тысяч на чалавека ў суткі будзе каштаваць. Гэта харчаванне, пражыванне, лекаванне».

На пытанне, ці мае значэнне тое, што да Мінэнерга маю даволі ўскоснае дачыненне — плачу за электрычнасць, адказваюць: «Ніякага!». Іншая справа, што на канец мая вольнымі засталося ўсяго некалькі нумароў.

Практычна такі ж адказ чую ў аздараўленчым комплексе «Жалезнякі». Тут аднапакаёвы нумар на дваіх каштуе 200 тысяч у суткі з чалавека. За лекава-аздараўленчыя працэдуры неабходна плаціць дадаткова. І яшчэ — памнажаючы кошт у суткі на колькасць дзён адпачынку, абавязкова плюсуйце 3% «курортнага збору. 

«Жалезнякі: «Пакуль месцы ёсць. Не шмат, але ёсць. Зараз, да прыкладу, у нас адпачывае 21 расіянін і каля 70 беларусаў».

Ні ў «Жалезняках», ні ў «Надзеі» свайго міністра на адпачынку супрацоўнікі не бачылі.

«Надзея»: «Сямашка быў, а Азярца ў нас не было».

І хваляцца, што зараз у іх адпачываюць генеральны дырэктар «Белтопгаза» і яго першы намеснік.

А вось старшыня праўлення Нацбанка Надзея Ермакова ў іх адпачывае, упэўніваюць супрацоўнікі санаторыя «Азёрны». Як часта — не кажуць. І адзначаюць, што няма ніякай розніцы, маеце вы адносіны да банкаўскай сферы ці не.

«Азёрны»: «Так, з 24 мая… Беларусы, так? Стандартны нумар, па 377 тысяч з кожнага (у суткі. — заўв. «Еўрарадыё») — пражыванне, адна гадзіна лекавання і медпаслугі».

А самым добразычлівым аказаўся супрацоўнік санаторыя «Лясное», які падпарадкоўваецца КДБ. Журналісту «Еўрарадыё» падрабязна пералічваюць усе магчымыя аздараўленчыя працэдуры, апісваюць прыгажосці мясцовых краявідаў, расказваюць пра чысціню нумароў, смак мясцовай кухні і культурнасць абслуговага персаналу.

«Лясное»: «Па 3 чэрвеня кошт такі: з лекаваннем стандартны нумар — мінімальна па кошце 300 300 рублёў, без лекавання — 255 255 рублёў. Гэта стандартны нумар «С» у корпусе, што стаіць асобна. У галоўным корпусе кошты, адпаведна, 338 тысяч і 290 тысяч».

Што да расіян, то, упэўнівае гаваркі супрацоўнік санаторыя КДБ, яны патрыёты — аддаюць перавагу беларусам, ім пакідаюць 80% месцаў. І супакойвае: санаторый адкрыты для ўсіх.

Праўда, пасля таго як суразмоўца папрасіў журналіста «Еўрарадыё» пакінуць свой тэлефон, жаданне цікавіцца, ці адпачывае ў гэтым санаторыі старшыня КДБ, чамусьці знікае…

Зміцер Лукашук

Мнения

Вверх