Сем прычын, якія не дазволяць табе набыць веласіпед на гэтым тыдні

Сем прычын, якія не дазволяць табе набыць веласіпед на гэтым тыдні

Generation.by сабрала некалькі тыповых стэрэатыпаў, якія не дазволяць табе заўтра проста пайсці ў краму і набыць там веласіпед.

1. У выбары веласіпеда лёгка заблытацца

Выбар веласіпеда — справа няпростая. Новы набыць ці былы ва ўжыванні? Дарагі ці больш танны? З якой рамай і ўласцівасцямі? Нармальны веласіпед каштуе дорага, але яго могуць украсці. А на танным можна далёка не з’ехаць ці ўвогуле забіцца. Разабрацца ж у тым, якое адрозненне паміж звычайным горным і, напрыклад, гарадскім веласіпедам — увогуле справа не адной гадзіны.

А гэта асновы выбару. З улікам існавання тысяч найменняў і відаў вочы пачынаюць разбягацца, як толькі заходзіш на чарговы веласіпедны электронны ці проста супер-гіпер-маркет. Зрэшты, у справу выбару веласіпеда заўжды можна далучыць знаёмца–знаўца пытання. І заадно адкатаць з ім ці ёй свае першыя веласіпедныя кіламетры.

2. Бардзюры высокія, а веладарожак мала

Адна з найбольш распаўсюджаных праблем, з якімі сутыкаюцца пачаткоўцы-веласіпедысты і веласіпедысткі (ці тыя, што толькі мараць стаць такімі) — адсутнасць неабходнай інфраструктуры ў горадзе. Сапраўды, рухацца па тратуарах цяжка, заехаць на некаторыя з іх немагчыма, а нават калі гэта атрымліваецца, праз некалькі кіламетраў гэткага «Парыж–Дакару», што часта ўяўляе сабой перасоўванне па маляўнічых вуліцах-праспектах сталіцы, хочацца кінуць веласіпед і бегчы падалей ад яго.

Аднак не ўсё так дрэнна. Прынамсі, у тым жа Мінску. Напрыканцы мінулага года сталічны веларух узначаліў сам мэр Ладуцька. І адразу галоўны горад краіны высунуў прэтэнзіі на веласіпедны цэнтр калі не ўсёй Еўропы, то самай усходняй яе часткі. Улады кажуць, што ўжо сёлета пабудуюць у Мінску амаль чатыры дзясяткі кіламетраў веласіпедных дарожак. 

Але можна выбірацца за горад, дзе пра бардзюры не чулі, затое ёсць свежае паветра, птушкі і краявіды, якіх не хапала ў тваім інстаграме.

3. Няма душа на працы/ва ўніверы

«Вось бы яшчэ ў кожны офіс душык ды месца для веласіпеда», — мараць многія з тых, хто б хацеў ездзіць на веласіпеддзе на працу і назад. Сапраўды, пасля 20 км кручэння педаляў не кожны будзе выглядаць прывабна да такой ступені, каб працягваць працу ва ўмовах скучаных офісных памяшканняў.

Знаўцы пытання кажуць, што і без душа можна абысціся. У горшым выпадку вымыцца і пераапрануцца можна і ў прыбіральні. Калі ж веласіпедыстаў-працаўнікоў стане шмат, у кампаній узнікне стымул будаваць памяшканні адразу з убудаванымі душамі. Тыя ж, каму ад хаты да працы 10 хвілін ці некалькі кіламетраў, душ увогуле непатрэбны.

4. Не ўмею ездзіць на веласіпедзе

Камусьці ў дзяцінстве так і не давялося пакатацца на веласіпедзе, і з тых часоў недзе ў падсвядомасці завіс страх: Я НЕ ЎМЕЮ. І дзе цяпер навучыцца? Вунь для лыжнікаў пачынаючых, гэтаксама як і для плыўчых, ёсць інструктары. Нават фатаграфаваць могуць навучыць адмыслоўцы. Але пра курсы для веласіпедыстаў не чуваць.

Запыт у Google, «што рабіць, калі я не ўмею ездзіць на веласіпедзе», выдае вельмі просты адказ: «проста сядаеш, трымаеш роўна і круціш педалі».

5. Набуду, а назаўтра яго скрадуць

Сур’ёзная праблема, ад якой пакутуюць няшчасныя па ўсім свеце. І, што цікава, чым багацейшая мясцовасць, тым актуальнейшае пытанне крадзяжоў. У многіх краінах Захаду, дзе веласіпедная культура — частка жыцця, мясцовыя змагаюцца з гэтай праблемай альбо моцнымі замкамі-цэпамі, якія толькі троху саступаюць кошту самога двухколага агрэгата, альбо проста набываюць такія веласіпеды, якія не тое каб не скрадзеш, а і далёка не з’едзеш.

Адмыслоўцы раяць пакідаць на такія выпадкі веласіпед у публічных месцах, дзе побач цягаецца міліцыя альбо стаяць камеры назірання. Такіх нямала ля, напрыклад, банкаматаў. І на замок не варта забывацца.

6. Няма дзе пакінуць

Ты чалавек тысячы спраў. Трэба і на навучанне, і на працу, і ў краму заехаць. А пасля яшчэ па кавярнях, барах, клубах прабегчыся. І ўсё гэта з веласіпедам. Куды яго падзець, такога вялікага і часам нават бруднага? У Мінску адказ нечакана прапануюць мінскія ўлады. У гэтым годзе толькі тры ягоныя раёны абяцаюць пабудаваць 227веласіпедных парковак.

Хаця праблему прыватнага размяшчэння веласіпеда гэта не вырашае. Многім самім няма дзе жыць, а тут яшчэ для веласіпеда жылплошчу просіць. У студэнтаў гэткая ж праблема: часта веласіпед у інтэрнаце пакінуць немагчыма. Калісьці светлая будучыня з гіганцкімі трохузроўневымі веласіпеднымі паркоўкамі, як у цэнтры галандскіх гарадоў, яшчэ прыйдзе і да беларусаў. І пытанне мястэчак для веласіпедаў адпадзе само.

7. Няма ліловага з кошыкам спераду

Гэта цудоўная дзявочая мара: яна, у доўгай сукенцы з рамонкам у валасах лёгка пакручвае педалькі і едзе па мілай палявой дарожцы ў бок гарадка. У яе кошыку на пярэднім коле букет кветак і томік Багдановіча. Сонца то з’яўляецца, то знікае за дрэвамі. Жыццё цудоўнае!

Толькі… дзе знайсці гэткі ж цудоўны веласіпед, на якіх ездзяць галівудскія прыгажуні?

Радыкальны варыянт прапануюць майстры гаражу па вуліцы Машынабудаўнікоў, 15. Яны валодаюць зайздросным наборам фарбаў самых розных колераў, якія могуць нават у некалькі слаёў быць нанесеныя літаральна на любы веласіпед. А зваршчык Васіль з суседняга гаража гатовы за здзельную плату прыварыць што заўгодна да любога з бакоў двухколага. Засталося толькі расшукаць твой адзіны-непаўторны велакошык за $15.

Яшчэ нагоды не набываць веласіпед:

- Язда на веласіпедзе ў 20 разоў менш небяспечная, чым язда на любым іншым транспарце

- У веласіпедыста верагоднасць патрапіць пад дождж складае не больш за 3%

- У гарадскіх і часта ў загарадных умовах ехаць на веласіпедзе атрымліваецца ў 2 разы хутчэй, чым на аўтамабілі

- На паркоўцы для аднаго аўтамабіля можна прыпаркаваць 10 веласіпедаў.

Алесь Bezuher

Мнения

Вверх