1 чэрвеня ў Гродне будуць святкаваць 172-годдзе з дня нараджэння Элізы Ажэшкі

1 чэрвеня ў Гродне будуць святкаваць 172-годдзе з дня нараджэння Элізы Ажэшкі

Гродзенская абласная навуковая бібліятэка імя Я. Карскага і праект «Жывая гісторыя» да  172-годдзя  з дня нараджэння сусветна вядомай пісьменніцы Элізы Ажэшкі і Дня абароны дзяцей 1 чэрвеня ладзяць літаратурнае свята, паведамляе «Твой стыль».

На вуліцы Элізы Ажэшкі, ля дома-музея пісьменніцы, з 11 гадзін разгорнецца выстава рэдкіх кніг на 47 мовах, дакументаў, фотаздымкаў, паштовак і экспанатаў з фонду абласной бібліятэкі.

Свае калекцыі прадметаў эпохі Элізы Ажэшкі – фотаздымкі, вопратку, мэблю – прадставяць гродзенскія калекцыянеры (В. Саяпін, А. Сявенка, Я. Паруліс і іншыя).

Для тых, хто цікавіцца гісторыяй роднага горада, арганізатары падрыхтавалі фотагалерэю «Гродна і гродзенцы часоў Элізы Ажэшкі».

Свае творчыя выставы і музычныя праграмы падрыхтуюць беларускае, украінскае, рускае, польскае і яўрэйскае нацыянальныя аб’яднанні.

У дворыку дома-музея ў праграме «Дзеці ў гасцях у Элізы Ажэшкі» маленькіх наведвальнікаў чакаюць гульні, конкурсы, віктарыны, танцы. Пра жыццё і творчасць Элізы Ажэшкі дзецям распавядзе супрацоўніца ў вобразе самой пісьменніцы.

Тут жа пройдуць сустрэчы з мясцовымі пісьменнікамі і паэтамі.

Свята працягнецца да 15 гадзін.

Кася Крот

Мнения

Вверх