"Чалавек харошы, дай кату грошы!", або Сувенір для турыста ды фаната

"Чалавек харошы, дай кату грошы!", або Сувенір для турыста ды фаната

Прамысловы сувенір

Трапіўшы за мяжу, чалавек пачынае параўноўваць іхняе з нашым. Гэта адбываецца само сабой, падсвядома, нават калі ён загадзя такой мэты не меў, паведамляе "Культура".

Вясной мы з жонкай наведалі Рыгу і Стакгольм. Сярод іншых прыемных заняткаў, якія можна дазволіць сабе на адпачынку, быў і такі: баўленне часу ў сувенірных крамах у пошуках чаго-небудзь "на памяць" —сабе, дзецям, сябрам. Гэты "шопінг", дарэчы, дазваляе лепш зразумець краіну, даведацца пра яе гістарычныя каштоўнасці і культурныя прыярытэты, урэшце — пра нацыянальны менталітэт. Бо на шкатулках, насценных пано, "магніціках" ды іншай сувенірнай прадукцыі звычайна змяшчаюць выявы аб’ектаў ці сімвалы з’яў, знакавых для краіны. Гэта "нацыянальныя" жывёлы, птушкі і расліны, помнікі дойлідства, дзяржаўная і рэгіянальная сімволіка… Асобна варта згадаць лялек у народных строях.

Са Швецыі бадай кожны турыст прывозіць фатаграфію шведскай каралеўскай сям’і, бо гэта сапраўды і сімвал, і брэнд, і — яшчэ што-небудзь з дзяржаўнай сімволікай, якая ў гэтай краіны вельмі выразная ды запамінальная. З Латвіі — выяву гістарычнага цэнтра Рыгі. Такі ж "стандартны" набор прывезлі з вандроўкі і мы. І быў яшчэ адзін латвійскі сувенір, надзвычай арыгінальны, — хлеб, які нам давялося самім замясіць ды спячы пад час экскурсіі ў вядомую на ўсю Латвію пякарню.

Пад час экскурсіі нашу турыстычную групу спачатку азнаёмілі з вытворчым працэсам і асартыментам вырабаў, а потым прапанавалі разбіцца на "брыгады" па чатыры чалавекі, каб самім спекчы бохан хлеба — зразумела, пад наглядам экскурсавода-кансультанта. У нашай "брыгадзе" функцыі падзяліліся такім чынам: двое варажылі над цестам, а двое — фатаграфавалі працэс. Пасля таго, як нашы боханы заклалі ў печ, у нас быў час выпіць кавы ў кавярні побач з вытворчай зонай і паглядзець, што ёсць цікавага ў сувернірным шапіку. Там мы з жонкай набылі сімпатычную керамічную мышку. А тут і хлеб даспеў… Гэтым хлебам мы частавалі сяброў у Мінску, згадваючы, што ён зроблены нашымі рукамі.

Думаю, падобны атракцыён для турыстаў "Зрабі сабе сувенір сам" можна было б і ў Мінску зладзіць. Тым больш, што адзін са сталічных хлебазаводаў знаходзіцца ў зоне гістарычнага гарадскога цэнтра.

Пасля наведання пякарні нашы турысты жартавалі, што ў Беларусі замежныя госці змаглі б сабраць на канвееры "БелАЗ" або трактар "Беларус", а потым на гэтым "сувеніры" дадому паехаць. Жарты жартамі, а прадстаўнік турфірмы, які нас суправаджаў, згадаў, што турысты з Прыбалтыкі і насамрэч вельмі цікавяцца нашымі славутымі заводамі ды замаўляюць экскурсіі на іх. Зразумела, не паўсюль замежнікаў пускаюць, не ўсё паказваюць. Але ўвогуле тэма "прамысловы сувенір" можа быць актуальнай.

Пётра ВАСІЛЕЎСКІ

***

Хаця б на пешаходную…

"Прайду па Абрыкосавай, звярну на Вінаградную…" — перафразуючы вядомы шлягер Юрыя Антонава, пра наш Мінск хочацца сказаць так: "Дайце звярнуць хаця б на пешаходную…"

Як так атрымалася, што да гэтай пары ў сталіцы Беларусі няма пешаходнай вуліцы? Так, усе мы віншуем сябе з адкрыццём (і працягам працы) праекта на Карла Маркса, аднак тое, што ў нас няма паўнавартасных аналагаў маскоўскага Арбата, вільнюскай Пілес, барселонскай Рамблы — відавочны прагал для еўрапейскага горада.

Прытым што асобныя вулачкі, здаецца, літаральна створаны для павольнага шпацыру, нетаропкага сузірання, гутаркі ды прыемнага шопінгу… Тая ж вуліца Карла Маркса, якая імкнецца працаваць у адпаведным фармаце, на жаль, пакуль не адпавядае тым самым стандартам: занадта кароткая "вольная зона", каб паспець атрымаць асалоду ад выдатнай ініцыятывы. Толькі-толькі пачаў перастройвацца на іншы рытм, а той адрэзак у 300 метраў — бац! — і скончыўся.

Пойдзем далей. Камсамольская? Рэвалюцыйная? Гэта — варыянты, аднак штосьці не назіраецца на іх, нягледзячы на наяўнасць утульных кафэ, фірмовых крамаў, пакуль адпаведных рухаў у бок пешага гараджаніна. Адзін з найстарэйшых кінатэатраў сталіцы, разнастайныя ды адметныя будынкі — старажытныя, сучасныя, Музей гісторыі горада Мінска, побач — Галерэя Міхаіла Савіцкага, славутая адметнасць — Чырвоны дворык, ды, уласна, сам ландшафт вуліцы з невялічкай горкай — усё гэта выдатная платформа для стварэння "лобнага" месца, дзе маглі б размясціцца майстры з невялікімі крамкамі (як на той жа Пілес). Аднак… Пакуль маем звычайны прыемны куток з праезнай часткай.

Калі перайсці праз новы мост над Нямігай у Верхнім горадзе і падасца ў бок мультыплекса "Беларусь", можна трапіць і на яшчэ адну чароўную кандыдатку ў пешаходныя — вуліцу Ракаўскую: ціхая, са старажытнымі камянічкамі ХІХ стагоддзя, са славутым домам з чырвонай цэглы, дзе месціцца вядомая крамка… Ракаўская ахутана водарам свежага хлеба ды духам сапраўднасці. Каларыт і атмасферу гэтай вулачкі, бачна, ужо паспелі адчуць славутыя кафэ-брэнды, якія пачынаюць ствараць канкурэнцыю вядомаму "старажылу" вуліцы — невялічкай кавярні ад хлебазавода, што прадае свежую выпечку. Гэтая тэндэнцыя — з ліку добрых, але мы ж аддадзім належнае і прадукцыі дзяржаўнага прадпрыемства. Адзін са здобных прысмакаў яго кавярні — мучныя "Крышталікі", лічу, здольныя стаць паўнавартасным ядомым сувенірам з Мінска. Смак печыва і, дарэчы, яго невялікі кошт быў упадабаны ўсёй нашай рэдакцыяй. Але (ізноў тое "але"!) ці думаў хтосьці, што, гэты, бадай, непрыкметны кафетэрый, які працуе часам і не поўны дзень, мае турыстычны патэнцыял?

На дадзены момант Ракаўская з яе ўтульнасцю ды "несапсаванай" старажытнасцю пераўтворана ў вуліцу-паркоўку, дзе машыны стаяць нават на тратуары. Больш за тое: па Мінску пакрысе ўжо папаўзлі чуткі, што той самы хлебазавод з нашымі ўлюбёнымі "Крышталікамі" збіраюцца перанесці, а на яго месцы пабудаваць бізнес-аб’ект. А значыць — бывайце, беларускія слойкі з шакаладам, пах свежага хлеба, і прывітанне — новыя машыны ды газавыя выхлапы! І "снова здравствуйте" — мітусня, непрадуманасць ды "непрыстасаванасць" гараджаніна да гарадскога асяроддзя.

Вядома, справа не адно ў хлебазаводзе ды нашых гурманскіх перавагах, (хоць і яны маюць права быць!), а ў тым, што мы не бачым таго, што маем. Не бачым прыгажосці Мінска, яго старадаўніх чароўных куточкаў, не ўмеем іх прадстаўляць і гэтым ганарыцца…

А што да самых сувеніраў… З’явяцца пешаходныя вуліцы з вольнай зонай гандлю — з’явяцца і сувеніры. Гэта маё суб’ектыўнае меркаванне.

Дар’я АМЯЛЬКОВІЧ

Мнения

Вверх