Адбылося адкрыццё выставы «Лялечны баль Паўночнай Пальміры»

Адбылося адкрыццё выставы «Лялечны баль Паўночнай Пальміры»

7 чэрвеня ў Нацыянальным гістарычным музеі Рэспублікі Беларусь пры ўдзеле Міжнароднай Гільдыі Майстроў і  Аб’яднання лялечнікаў Санкт-Пецярбурга адбылося адкрыццё выставы «Лялечны баль Паўночнай Пальміры».

24 удзельніка з Санкт-Пецярбурга, Масквы, Вялікага Ноўгарада, Северадзвінска, Пермі, Лондана прадстаўляюць свае працы, а таксама рарытэтныя лялькі вядомых вытворцаў XIX - пачатку XX стагоддзя.

Вы былі на казачным балі, дзе ашаламляльны парад фантазій, буянства фарбаў і віхура ўласнаручна вытканых і вінтажных тканін, незвычайных упрыгожванняў? Не? Тады Вам тэрмінова варта зазірнуць у адзін з залаў Нацыянальнага гістарычнага музея Рэспублікі Беларусь. На працягу месяца наведвальнік музея можа сустрэць сярод гасцей балю чароўную, адухоўленую даму ля вітражнага вакна, смешных мяккіх катоў на лаўцы, недатыку Снягурку, прывабную ведзьму ... Застылая гісторыя ў вобразах, модныя рухомыя пластычныя шарніры, лялькі-свяцільні і лялькі-загадкі. Тут можна адчуць магію шамана і ўсміхнуцца юбіляру Бельмандо.

Матэрыялы, з якіх зроблены лялькі, разнастайныя па відах і фактурах – фарфор, паліўрэтан, пластык, лямец, кераміка, дрэва, эмаль... Аксэсуары найтонкай працы можна разглядаць з прыхільнасцю, пранікаючы ў таемныя думкі і жаданні аўтараў. Усё вельмі сур'ёзна, па-сапраўднаму – ад маленькага гузіка на шлейках, набойкі на туфліку да майстэрскага вячэрняга макіяжу і каралеўскай сукенкі, расшытай золатам.

Да прыезду ў Беларусь лялькі паспелі наведаць шмат краін, пабываць у Кітаі і Амерыцы. Наведвальнікі маюць унікальную магчымасць не толькі ўбачыць лялек-вандроўніц, але і прагаласаваць за тую, якая больш за ўсё спадабаецца.

Мнения

Вверх