Упершыню прагучала прапанова ЕС увогуле скасаваць візы для беларусаў

Упершыню прагучала прапанова ЕС увогуле скасаваць візы для беларусаў

Еўрарадыё налічыла ў дакладзе еўрадэпутата 292 папраўкі і змены.

Камісія па замежных справах Еўрапарламента прыняла даклад еўрадэпутата Юстаса Палецкіса. У першапачатковай версіі дакумента былі заклікі да адмены візавых санкцый і заўважаныя паляпшэнні ў галіне праў чалавека. Цяпер гэты пункт змяніўся на супрацьлеглы.

«Правак настолькі шмат, што дакумент замест 2,5 старонкі зойме каля 10. Гэта ўжо калектыўная творчасць. 26 еўрапарламентароў унеслі 292 змены і ўдакладненні. Я сам прапанаваў 50 змен", — кажа Еўрарадыё аўтар даклада Юстас Палецкіс.

Даклад апублікуюць ужо праз колькі дзён, але Еўрарадыё даведалася, якія ж яшчэ важныя змены адбыліся.

Юстас Палецкіс: «Яшчэ ярчэй падкрэслена ідэя, што трэба адкрыць усе магчымасці для зносін людзей».

Гэта кантакты на самых розных узроўнях — узаемныя паездкі людзей розных прафесій, лепшыя ўмовы для зносін моладзі, павелічэнне стыпендый для навучання ў ЕС.

Таксама прапануецца ліквідаваць штучныя бар'еры, з-за якіх утвараюцца вялікія чэргі на мяжы; ліквідаваць візавыя праблемы. У першую чаргу прапануюць знізіць кошт на візы, а ў перспектыве — увесці бязвізавы рэжым.

Юстас Палецкіс: «Упершыню з боку ЕС раздаецца голас, што трэба ўвогуле скасаваць візы».

У дакладзе прапануецца ўцягваць дзяржаўных служачых, якія не былі заўважаны ў рэпрэсіях, у зносіны з ЕС. Гэты пункт выклікаў найбольшыя спрэчкі, але быў прыняты.

Упершыню ў падобным дакладзе шмат параграфаў са статыстыкай і рознымі апытаннямі грамадскага меркавання, якія тлумачаць, чаму прапануюцца тыя ці іншыя меры. Было распрацавана каля 30 кампрамісных прапаноў, якія рыхтаваліся разам з ценявым дакладчыкам.

Юстас Палецкіс: «Ценявым дакладчыкам ад самай вялікай фракцыі Народных партый быў Яцэк Пратасевіч — цяперашні віцэ-прэзідэнт парламента, былы кіраўнік дэлегацыі ў адносінах з Беларуссю. Ён  вельмі добра ведае Беларусь, і мы з ім знайшлі агульную мову».

Дэпутат Еўрапарламента Марэк Мігальскі дамогся, каб у даклад уключылі прозвішчы палітвязняў, якія афіцыйна прызнаныя ЕС. Перамовы па гэтым пытанні працягваліся да апошняй хвіліны перад пачаткам галасавання.

«Я вельмі рады, што дамовіўся на ўнясенне прозвішчаў палітычных зняволеных у гэту рэзалюцыю. Гэта надзвычай важна для іх сем'яў. Інфармацыя, што гэтая асоба ўзгадваецца ў структуры ЕС, дойдзе да начальнікаў турмаў. Тое, што час ад часу вязні згадваюцца ў парламенцкім дакладзе, робіць іх адносна бяспечнымі», — сказаў Марэк Мігальскі.

Іншым важным пытаннем было абавязаць беларускія ўлады адмяніць крымінальную адказнасць за атрыманне замежных грантаў НДА і ўтрыманне іх сродкаў на замежных рахунках. Гэтая папраўка таксама ўнесена.

У дакладзе таксама змяшчаецца заклік да падтрымкі арганізацый, якія працуюць у галіне дэмакратыі і праў чалавека — не толькі ў Беларусі, але і за яе межамі, таму што беларускія ўлады ўвесь час адмаўляюць у рэгістрацыі такіх арганізацый.

Юстас Палецкіс: «Да гэтага даклада мяне падштурхнула думка, якую выказаў у вузкім коле адзін са значных еўрапейскіх палітыкаў. Ён сказаў, што Беларусь ужо згублена для Еўропы. Калі я выказаў ідэю зрабіць рэзалюцыю па Беларусі не як рэакцыю на нейкія падзеі, а як стратэгію, я думаў, што місія невыканальная. Я сумняваўся, ці падтрымаюць мяне калегі ў галоўным: пры ўмове вызвалення палітзняволеных выйсці на дыялог".

У верасні, калі даклад прыме еўрапарламент, ён стане афіцыйным дакументам. І яго выканання можна будзе патрабаваць ад выканаўчай улады ЕС.

Віталь Ругайн

Мнения

Вверх