У даўжэзнай чарзе на беларуска-ўкраінскай мяжы стаяць турыстычныя аўтобусы

У даўжэзнай чарзе на беларуска-ўкраінскай мяжы стаяць турыстычныя аўтобусы

На беларуска-ўкраінскім памежным пераходзе «Новая Гута» кіламетровыя аўтамабільныя чэргі. У памежным ведамстве Беларусі тлумачаць, што заторы ствараюць найперш расійскія турысты, якія карацейшым шляхам едуць адпачываць на ўзбярэжжа Чорнага мора,  паведамляе Радыё «Свабода».

У больш як кіламетровай чарзе сапраўды багата аўтамашын з расійскімі нумарамі. Праз «Новую Гуту» ва Украіну едуць жыхары Калінінграда, Санкт-Пецярбурга, Пскова ды іншых паўночна-заходніх гарадоў Расіі.

 Шлях гэты многія пераадольваюць кожнае лета. Скіраваць бывалых турыстаў на іншыя памежныя пераходы, напрыклад, Камарын, не ўдаецца. Людзі проста не бачаць сэнсу даваць кругаля цэлых дзве сотні кіламетраў.

ff4c1f99d45e4e0aac3196695fa4940a_w640_h360_q95

Гаворыць спадар Леанід, турыст з расійскага Калінінграда: «Кожны год адно і тое ж. Ехаць на іншы пераход няма сэнсу: 200 кіламетраў круг, а там усяго адна лінія пропуску. Машын, можа, і менш, але стаяць будзеш не менш.

Мы самі хацелі праз Камарын ехаць. Але круг вялікі, гэта раз. Апрача таго, там адна лінія, а тут усё ж іх чатыры».

Сёння даўжэзная чарга была не толькі з аўтамашын, але і з аўтобусаў.

845ad34382176059cccb488583f30d5b_w640_h360_q95

Беларускі кіроўца Мікалай, які часта возіць дзяцей і дарослых з Мінска ў Крым, апавядае: «Прыехалі — 20 аўтобусаў стаіць. Дзеці ў аўтобусах. І кіроўцы мучацца, і дзеці мучацца. Кіроўцы злосныя, і людзі злосныя.

Мы праз пяць дзён ездзім — і такія вось заторы: нічога не паляпшаецца. Бывае, ім «уставяць», дык хутчэй прапускаюць. У мінулы рэйс падыходзіў памежнік, пытаўся, колькі стаім. Нібыта хтосьці з начальства ім патэлефанаваў, і ўжо не два памежныя інспектары пашпарты правяралі, а чацвёра працавалі. Двое ў залі, іншыя двое ў аўтобус заходзілі и збіралі пашпарты. Памежнікі ў асноўным затрымліваюць — людзей у іх, напэўна, не хапае».

b7103d1bcd2adf53eb68fc17e7a51d83_w640_h360_q95

Гамяльчук Алег, які таксама едзе ва Украіну на адпачынак, заўважыў, што перазменка ў беларускіх і ўкраінскіх памежнікаў і мытнікаў праходзіць у розны час — з-за гэтага надвячоркам пропуск спыняецца, па сутнасці, на дзве гадзіны: «У восем вечара мяняецца змена ў «Новай Гуце». Скончыцца — і пачынаюць прапускаць машыны. Але ў дзевяць перазменка ва ўкраінцаў. Дзве гадзіны даводзіцца стаяць».

46e2757ebaa5899a43e3eae449d9e30e_w640_h360_q95

Пасажырка аўтобуса, жанчына сярэдняга ўзросту, так называе сябе: «Галіна з Мінска. Я першы раз сутыкнулася з такімі чэргамі, хоць езджу ў Алупку кожны год. «Пашанцавала» так: штук дваццаць аўтобусаў наперадзе. Сэрвісу асаблівага няма. Кавярня якаясьці летняя стаіць, але там акурат пара абеду. Дзве кабінкі біяпрыбіральняў — чарга вунь якая».

Кіроўца падтрымлівае пасажырку: «Тут такі пераход, а стаяць гэтыя два гаршкі, дзве кабінкі. А людзей тут колькі! Толькі легкавікоў — кіламетровыя чэргі. Ім жа трэба кудысьці схадзіць. Даводзіцца спыняцца ў кустах».

Жыхар Магілёва Яўген, у якога дачка замужам ва Украіне, часта перасякае мяжу туды й назад. Ён сцвярджае, што мытнікі да турыстаў надта не чапляюцца. Правяраць, вядома, правяраюць: «Я вось ехаў з Крыма — яны папыталіся наконт спіртовых напояў: везяце ці не? Я адказваю: «Вязу, але толькі для сябе». Садавіну везлі, кавуны  — нічога не забіралі. Перцаў пару мяшочкаў везлі, цыбулі, але пыталіся толькі пра спіртовыя напоі. А калі ехаў туды на вяселле, то нейкая замежная машына была, галандская ці што, дык яе з сабакам аглядалі».

Мнения

Вверх