Фэст «Захід-2013» запрашае беларусаў паслухаць ужывую «Ляпісаў»

Фэст «Захід-2013» запрашае беларусаў паслухаць ужывую «Ляпісаў»

Больш за 50 гуртоў выступяць на трох сцэнах фестывалю «Захід», які адбудзецца сёлета 16–18 жніўня ў паселішчы Радатычы пад Львовам. Сярод выступоўцаў – забаронены ў Беларусі «Ляпіс Трубяцкой», берасцейскі гурт «Сцяна» і «Адыс Абеба» з Мінска, паведамляе belsat.eu.

«Беларускія рэвалюцыянеры «Ляпіс Трубяцкой» зноў запаляць», – пішуць арганізатары на старонцы фестывалю. «Ляпісы» сваім выступам 18 жніўня а 23-й гадзіне на галоўнай сцэне маюць зайграць «апошні фестывальны акорд» і завяршыць канцэртную праграму.

«Сцяна» выступіць на малой сцэне ў першы фестывальны дзень. Чакаецца таксама выступ яшчэ аднаго беларускага гурта - «Адыс Абебы», які выконвае музыку ў стылі рэгі.

Традыцыйна беларусы, якія едуць на «Захід», бяруць з сабою бел-чырвона-белыя сцягі, якія дружна ўздымаюць падчас выступаў беларускіх калектываў.
2

Апрача беларускіх гуртоў на фестывалі выступяць калектывы з Украіны, Малдовы, Расіі, Аўстрыі ды Літвы. Сярод іх Rocky Leon, «Воплі Відоплясова», «Скрябин», «Бумбокс», Zdob Si Zdub, «Крихітка», Noize MC, «Роллікс», «Кожаный Олень», «Фліт», «Сергій Жадан та Собаки в Космосі», Stoned Jesus, «Серцевий напад», «Механічний апельсин», Dalai Lama, «Брем Стокер», Dance Party, Аліна Арлова ды іншыя.

«Захід-2013» – тэрыторыя свабоды, на якой можна супольна цешыцца музычным шчасцем і сяброўствам, запэўніваюць арганізатары фэсту. «Без масак паўсядзённага жыцця, забыўшыся пра працу і статус, – сюды варта прыехаць, каб адчуць сябе вольным і быць побач з сапраўднымі людзьмі», – напісана ў профілі фэсту ў Facebook.

Акрамя канцэртнай праграмы гасцей імпрэзы чакае харчаванне з палявой кухні, выставы рукадзелля, літаратурныя чытанні, майстар-класы ў розных рамёствах і баўленне часу разам з аднадумцамі.

Больш інфармацыі на сайце фестывалю – zaxidfest.com

МЯ

Мнения

Вверх