21 лютага – Міжнародны дзень гіда

Людмила Бендетович

Cпециалист по туризму

г. Минск ул. Ульяновская 29

Людмила Бендетович
Cпециалист по туризму
г. Минск ул. Ульяновская 29

21 лютага адзначаецца Міжнародны дзень роднай мовы і Міжнародны дзень гіда.

З гэтай нагоды прапануем віншаванне ад Беларускага грамадскага аб’яднання экскурсаводаў і гідаў-перакладчыкаў.

Паважаныя сябры!

На 21 лютага прыпадаюць аж два міжнародныя святы: Міжнародны дзень мовы і Міжнародны дзень гіда (экскурсавода). Гэта значыць, што нарэшце адбылося ўсведамленне значнасці для сусветнай цывілізацыі гэтых абедзвюх з’яў – пры тым, што гісторыя мовы сягае за тысячы гадоў і кранае інтарэсы цэлых народаў і краін, а гісторыя экскурсійнай справы куды больш сціплая, і яе праблемы найчасцей застаюцца незаўважанымі шырокім колам грамадскасці.

Родная мова… Ты матчын спеў над калыскай… Ты – скарбніца народных ведаў і духоўных каштоўнасцяў. Ты – наша спадчына, якой, на жаль, сёння шмат хто цураецца, абраўшы шлях дабраахвотнага зрачэння сваіх каранёў (напэўна, так лягчэй жыць). Жывыя мовы свету, гэта тыя ж кветкі, якія разам складаюць прыгожы духмяны букет. Наша беларуская мова – адна з гэтых кветак, можа, ружовая шыпшына, белы рамонак ці блакітная валошка… Калі яе вырваць з супольнасці іншых кветак ды кінуць пад ногі, то яна загіне, а хараства, якое ёсць у свеце, адразу стане менш. Мова жыве, пакуль жывуць яе носьбіты. Мы маем старадрукі, класіку, сучасную паэзію і прозу, цудоўныя беларускія песні, батлейку, што дайшла да нашых часоў з глыбіні стагоддзяў і свой нацыянальны тэатр. Ёсць і некалькі перыядычных выданняў, дзе пішуць па-беларуску, а таксама музеяў, дзе гучыць меладычная і трапная беларуская мова.

Дзякуючы перш за ўсё моладзі родная мова загучала і на экскурсійных маршрутах. На жаль, гэта толькі кропля ў шырокай рускамоўнай экскурсійнай прасторы… Што рабіць, калі настаўнікі, замаўляючы экскурсіі, патрабуюць, каб яны праводзіліся на рускай мове, таму што дзеці беларусаў – тытульнай нацыі нашай краіны – чамусьці не разумеюць беларускай мовы?! Перш за ўсё трэба пачынаць з асабістых адносін да гэтай справы: не адракацца, чытаць, размаўляць, пісаць, спяваць, прызнавацца ў каханні, маліцца па-беларуску і як толькі можна спрыяць пашырэнню беларускай мовы ў розных сферах нашага жыцця. Усім, каго гэта прапанова кранула за сэрца, жадаю творчага натхнення, добрага плёну, цікавых сустрэч і здзяйсненняў.

Такія ж пажаданні накіроўваем носьбітам цудоўнай прафесіі, якая мае назву «экскурсавод» альбо «гід-перакладчык». Віншуем вас, паважаныя калегі, са святам і міжнародным прызнаннем важнасці і карыснасці нашай справы, якая спалучае ў сабе любоў да сваёй краіны, выключную эрудыцыю, артыстызм і шмат іншых талентаў.

Вы – гасцінныя, прыгожыя, дасведчаныя, неабыякавыя і нястомныя – гонар турыстычнай галіны. Інакш не можа быць, таму што экскурсавод альбо гід-перакладчык у вачах гасцей – гэта перш за ўсё прадстаўнік краіны, а ваша прафесійнае майстэрства разам з духоўнымі і маральнымі якасцямі – паказчык узроўню адукаванасці і развіцця нацыі. Не слухайце тых, хто скажа, што наша прафесія сыходзіць і ўжо зусім хутка нас заменяць аўдыёгіды і экскурсаводы-робаты. Не так проста зрабіць, каб нежывая машына, якая гаворыць заўсёды адзін і той жа тэкст, патрапіла паказаць аб’ект, пра які ідзе гаворка, альбо адказала на пытанне зацікаўленага экскурсанта. Ці зможа машына перажываць, як перажываем мы, распавядаючы пра няпросты гістарычны лёс нашай Бацькаўшчыны, ці пажартаваць, калі трэба крыху адпачыць і падняць настрой экскурсантаў? Наша прафесія залежыць толькі ад таго, ці будзе Свет небяспечным, ці будуць у жыхароў Зямлі культурныя запатрабаванні, цікавасць да падарожжаў і адкрыцця нязведанага.

Жадаем вам, шаноўныя калегі, і ўсім, хто нас падтрымлівае, шчасця, здароўя, цікавых маршрутаў, запатрабаванасці, добрага настрою і аптымізму!

Ад імя Беларускага грамадскага аб'яднання экскурсаводаў і гідаў-перакладчыкаў

Намеснік старшыні Таццяна Хвагіна