Як выкарыстоўваецца Аўгустоўскі канал: савецкае свята і фэст трох народаў

Як выкарыстоўваецца Аўгустоўскі канал: савецкае свята і фэст трох народаў

У мінулыя выходныя шлюз Дамброўка прымаў адразу два святы. Гэта былі раённыя «Дажынкі» і фэст народнай творчасці «Аўгустоўскі канал у культуры трох народаў», паведамляе «Твой Стыль».

Ужо на пад’ездзе да месца святкавання можна было заўважыць вялізных зробленых з саломы мужыка з бабаю, якія быццам нагадвалі, што едзеш ты менавіты на дажынкі.

Самыя «Дажынкі» можна падзяліць на дзве часткі. Першую можна акрэсліць як «дзяўчаты з ўсяго свету прыехалі на прыроду». «Дзяўчаты» – гэта амаль 80 прыгажунь удзельніц конкурса Miss Supranational 2013, якія танчылі хараводы з жанчынамі з народных ансамбляў і перыядычна фатаграфаваліся.

1

Другой часткай гэтага свята ўраджаю было шэсце «перадавікоў вытворчасцi». Антураж снапоў з калоссямі вельмі нагадваў свята савецкіх часоў, калі на 1 Мая рабочыя і калгаснікі выходзілі на вуліцы гарадоў. Калона з перадавікамі расцягнулася амаль на кіламетр, і галава не ведала, што робіць хвост.

2

 3

4

Потым былі ўзнагароды за першае месца па ўборцы ўраджаю ды песні ад жыхарак вёскі. На падворках СВК можна было зразумець, што ў гэтым годзе ўрадзіла: хтосьці, напрыклад, выставіў велізарныя гарбузы. Ва ўрачыстых прамовах гучалі словы гонару за свой раён.

Ян Васілеўскі, старшыня Гродзенскага раённага выканаўчага камітэта, сказаў журналістам пра тое, што з плошчы ў 30 тыс. гектараў сабрана 184 тыс. тон збожжавых і зернебабовых – гэта другі паказчык у краіне. «Самы вялікі ўраджай – 61 цэнтнер з гектара – гэта паказчык еўрапейскага ўзроўню», – хваліў працаўнікоў вёскі старшыня.

 5

Аказваецца, толькі тры гаспадаркі ва ўсёй краіне перайшлі мяжу ў 80 цэнтнераў, і ўсе яны знаходзяцца ў Гродзенскім раёне. Гэта СВК «Верцялішкі», СВК імя Крамко, СВК «Свіслач».

6

7

Другі фэст пачаўся ў 14.00, і гэта ўжо быў іншы фармат мерапрыемства. Так званае «Свята трох народаў» распачалося з прывітальнага слова на трох мовах: па-беларуску, па- літоўску і па-польску. Шматлікія польскія госьці выказалі надзею, што ў наступным годзе гэтае свята будзе адзначацца на польскай частцы Аўгустоўскага канала.

8

Розныя традыцыйныя рамёствы прадстаўлялі на свяце народныя майстры: саломапляценне, кавальскую справу, вышыўку, кераміку. Можна было не толькі купіць нешта ў падарунак, але і вырабіць сваімі рукамі маленькі прэзент на памяць.

9

Прадстаўнікам кожнай нацыянальнасці на танцы і песні было выдзелена больш за гадзіну, а затым, пасля 20.00, на Аўгустоўскім канале пачалася этнадыскатэка.

Сяргей Апановіч

Фота аўтара

Мнения

Вверх