Берасцейскія пешаходы скардзяцца на раварыстаў

Берасцейскія пешаходы скардзяцца на раварыстаў

На пешаходнай вуліцы Савецкай часта можна сустрэць раварыстаў, некаторыя з іх перавышаюць хуткасць, паведамляе Беларускае Радыё Рацыя

Афіцыйнай забароны язды на ровары па Савецкай не было, спецыяльных знакаў таксама няма. Раварысты сцвярджаюць, што ўся праблема ў тым, што пешаходная вуліца не мае роварных сцежак:

Спадар: Калі гэтую вуліцу рэканструявалі, то ніхто не падумаў пра тое, што тут будуць ездзіць раварысты. Для таго, каб тут раварысты і пешаходы маглі неяк ужывацца, трэба зноў праводзіць рэканструкцыю, але гэтага ніхто не будзе рабіць.

Спадар: Я там езджу рэгулярна, бо гэта даволі доўгая вуліца, якая ідзе праз увесь цэнтр; гэта адзін з нешматлікіх маршрутаў для перасоўвання з адной кропкі ў іншую. Астатнія вуліцы з бардзюрамі, а гэта прыдатная для язды. 

Пешаходы пераважна не супраць раварыстаў, аднак лічаць, што яны павінны больш асцярожна едзіць па Савецкай:

Спадарыня: Абураюся, калі на вялікай хуткасці ездзяць па ходніках. Не дагоніш і ўслед нічога не крыкнеш. 

Спадар: Я лічу, калі яны ездзяць павольна, то ўсё нармальна. Я сумняваюся, што тут можна ўжо аж так хуткасць перавышаць, каб гэта было небяспечна для пешаходаў.

Спадарыня: Напэўна, ім самім не хапае этыкі ў яздзе.

Як раварысты, так і пешаходы адзначаюць, што хуткасць перасоўвання на ровары па пешаходнай вуліцы Савецкай не павінна перавышаць 10-15 кіламетраў на гадзіну.

 

Мнения

Вверх