У Беларусі пачынаецца кампанія супраць увядзення пошліны на выезд за мяжу

У Беларусі пачынаецца кампанія супраць увядзення пошліны на выезд за мяжу

Пра гэта ў сераду заявіў лідар Аб'яднанай грамадзянскай партыі Анатоль Лябедзька.

Як вядома, з прапановай браць «па 100 долараў з носа» з тых, хто едзе на шопінг у замежжа на мінулым тыдні выступіў Аляксандр Лукашэнка. 11 верасня віцэ-прэм'ер Пётр Пракаповіч пацвердзіў, што гэта не жарт і што ўжо праз месяц такую пошліну могуць увесці.

Вось што распавёў Еўрарадыё адзін з ініцыятараў кампаніі «Пошли на...» Анатоль Лябедзька:

«Гэта нашая першасная хуткая рэакцыя на тую палітычную шызафрэнію, праявай якой з'яўляецца жаданне ўвесці 100-даляравую пошліну на тых, хто выязджае за межы Беларусі... Зрабіць гэта трэба цяпер, хутка, пакуль гэтая палітычная шызафрэнія не набыла фармат нейкага падзаконнага акту».

Паводле слоў Лябедзькі, адна з мэтаў кампаніі — сфармаваць негатыўную грамадскую думку ў дачыненні да новаўвядзення. Што да канкрэтных крокаў, то «інструменты і механізмы» яшчэ абмяркоўваюцца. У чацвер а 12-й кіраўнікі АГП правядуць у Мінску прэс-канферэнцыю.

Анатоль Лябедзька дапускае, што да кампаніі, якую распачынае яго партыя, могуць далучыцца і іншыя палітычныя сілы, але пакуль «не было часу на кансультацыі». 

Мнения

Вверх