На Браслаўшчыне рыбак злавіў белага амура вагай каля 12 кілаграмаў

На Браслаўшчыне рыбак злавіў белага амура вагай каля 12 кілаграмаў

Мабыць, у гэты дзень у лодцы начальніка лінейна-дарожнай дыстанцыі ДЭУ-34 Уладзіміра Пучынскага сядзела сама багіня ўдачы Фартуна, паведамляе «Браслаўская звязда».

Апантаны спінінгіст на возеры Бярэжжа спрабаваў злавіць на дарожку шчупака. Спачатку паклёвак не было, і Уладзімір рэгулярна мяняў прынады. Калі ж урэшце спрацаваў фракцыён спінінга, рыбалоў зразумеў, што на другім канцы лёскі ў яго сур’ёзны сапернік.

— Калі праз паўгадзіны барацьбы з рыбінай я яе на паверхні вады так і не ўбачыў, —расказваў мне на беразе Уладзімір, — перастаў гадаць, хто там: здаравенны шчупак альбо судак. Мне ўжо хацелася хоць бы ўбачыць рыбіну, а не тое што прыцягнуць яе да лодкі. Яшчэ мінут праз 20 перамог усё ж я. Калі рыбіна трапіла ў падсачык, майму здзіўленню не было канца. Трайнікі воблера ўпіліся ў хваставы плаўнік белага амура.

Рыбаловы-аматары ведаюць, якое супраціўленне аказвае 100–грамовы акунёк, калі зачэпіш яго блешняй за хвост. Белы ж амур У. Пучынскага заважыў 11 кг 750 г. А выцягнуць яго пашанцавала толькі таму, што адзін з трайнікоў трапіў у першае промневае пяро хваставога плаўніка, якое вельмі моцнае. Ды і без Фартуны ў лодцы тут не абышлося.

1

Тэкст і фота Аляксандра Азевіча.

Мнения

Вверх