Курортны збор без… курорта

Чым адрозніваюцца курорты ад санаторыяў і дамоў адпачынку?

Слова «курорт» (ад нямецкіх «кur» – лячэнне і «ort» – месца) – гэта «мясцовасць, якая валодае прыроднымі лячэбнымі сродкамі (мінеральныя воды, гразі, спрыяльны клімат і іншыя) і неабходнымі ўмовамі для іх лячэбна-прафілактычнага прымянення». Так гавораць энцыклапедычныя слоўнікі.

А вось у беларускім заканадаўстве паняцце «курорт» да цяперашняга часу не сфармулявана. Таму, на мой погляд, так званы курортны збор не зусім законны. Тым больш, што на тэрыторыі нашай краіны курортаў у прамым сэнсе гэтага слова няма. Ёсць толькі санаторыі і дамы адпачынку санаторнага тыпу, якія выкарыстоўваюць мясцовую мінеральную ваду ці прывазныя лячэбныя гразі. Да таго ж, сапраўдны курорт павінен мець пэўную інфраструктуру, дзе, акрамя лячэбных працэдур, у абавязковым парадку прысутнічаюць рэстараны, кафэ, магазіны, тэатральныя і кінаканцэртныя залы.

Курортны збор уключаецца цяпер у кошт пуцёвак у санаторна-курортныя і аздараўленчыя ўстановы. Пуцёўкі набываюць грамадзяне Беларусі і шматлікія госці з краін СНД і далёкага замежжа – значыць, яны  з’яўляюцца плацельшчыкамі гэтага збору. Выплачваецца ён пры набыцці пуцёвак ці непасрэдна ў самім санаторыі. Вызваляюцца ад яго толькі тыя асобы, якія накіроўваюцца на аздараўленне і санаторна-курортнае лячэнне бяс-платна: інваліды Вялікай Айчыннай вайны, чарнобыльцы і некаторыя іншыя катэгорыі грамадзян.

Памер курортнага збору ўстанаўліваецца ў залежнасці ад віду і тыпу санаторна-курортнай ці аздараўленчай установы і не можа па заканадаўстве перавышаць трох працэнтаў кошту пуцёўкі. Дарэчы, слова «перавышаць» прадугледжвае і суму, меншую за тры працэнты. Аднак асабіста я не ведаю такога беларускага санаторыя ці дома адпачынку, дзе збор быў бы меншы.

Як правіла, курортны збор пералічваецца ў мясцовы бюджэт і, па логіцы, павінен накіроўвацца на развіццё санаторна-аздараўленчай базы мясцовых санаторыяў. Але чаму тады яны такія бедныя, напрыклад, на сучасныя трэнажоры ў спартыўных залах? Чаму ў іх такі малы асартымент спортінвентару? Ні разу я не чуў і не чытаў, што мясцовыя ўлады купілі свайму санаторыю новы велатрэнажор, зрабілі сінтэтычнае пакрыццё на валейбольнай пляцоўцы, абсталявалі шэзлонгамі і альтанкамі пляжную зону на беразе возера ці рэчкі за кошт сродкаў курортнага збору.

Думаецца, калі гэты славуты збор і павінен быць, дык яго неабходна накіроўваць у бюджэт самой санаторна-курортнай установы, якая і будзе вырашаць, на што патраціць грошы. Ну, а задача мясцовых улад – ажыццяўляць кантроль за гэтым працэсам.

Альберт БАГДАСАРАЎ,

прафесар геалогіі,

г. Брэст.

Источник: "Народная трибуна"

Новости

Вверх