Названы лепшыя аграсядзібы Віцебшчыны

Названы лепшыя аграсядзібы Віцебшчыны

Нездарма наша вобласць з’яўляецца лідарам па развіцці аграэкатурызму ў рэспубліцы – на Віцебшчыне зарэгістравана 320 сядзіб. З большасцю можна пазнаёміцца ў каталогу, які нядаўна выпусціла ўпраўленне фізічнай культуры, спорту і турызму аблвыканкама. Сярод іншых, прадстаўленых на старонках каталога, ёсць пераможцы і лаўрэаты конкурсу на «Лепшую аграэкасядзібу 2010 года Віцебскай вобласці». Учора ўсе Яны былі ўганараваныя дыпломамі і прызамі на афіцыйным мерапрыемстве ў аблвыканкаме.

Данія і Барыс Шаўцовы (сялянска-фермерская гаспадарка «Сябры і Ко» пад Оршай) сталі лепшымі ў намінацыі «Стыль і гармонія». Як самі прызналіся, захацелася стварыць сваімі рукамі «маленькую Швейцарыю».
– Да нас нават проста заходзяць паглядзець-палюбавацца прыгажосцю: разьба па дрэве, ландшафтныя кампазіцыі, страха, стылізаваная пад чаротаву, і шмат чаго іншага, – пахваліўся Д. Шаўцоў. – Усё самі прыдумвалі і стваралі.

Юлія Бука, гаспадыня сядзібы «Родны кут» Глыбоцкага раёна, якая стала лепшай у намінацыі «Зялёная сядзіба», пачала прымаць гасцей больш за шэсць гадоў таму. У яе вёсцы Валодзькава праходзяць пленэры, і каб размясціць дзесьці мастакоў, яна разам з аднадумцамі выкупіла некалькі дамоў. Зрабілі рамонт і арганізавалі сапраўдны вясковы адпачынак. Карціны з краявідамі Валодзькава нават у Нацыянальнай бібліятэцы выстаўляліся. Галоўнае правіла для гасцей – не ганьбіць беларускую мову і культуру. Беларускамоўным тут наогул зніжкі – да 20%!
– Гэта цяжкі труд, але без яго не магу, – прызналася Ю. Бука. – Гарадскі тлум і глум не для мяне. Трое дзяцей, без мужа, вышэйшая адукацыя, а сяджу ў вёсцы. Суседскія бабулькі шкадуюць «гаротніцу», а я, насамрэч, шчаслівая.
Таксама пераможцамі ў намінацыях «Гасціннасць», «Здаровы лад жыцця» сталі адпаведна Тамара Касатая з Міёрскага раёна (сядзіба «Клённая») і Мікалай Сярдзюк з Полаччыны (сядзіба «Кентаўр»).

Вольга Маханенка, гаспадыня сядзібы «Прыазёрная» Лепельскага раёна, перамагла ў намінацыі «Захаванне беларускіх традыцый». Па сумяшчальніцтве яна член праўлення беларускага грамадскага аб’яднання «Адпачынак у вёсцы». Ад імя ўсіх уладальнікаў сельскіх сядзіб шчыра аддзячыла арганізатарам і журы конкурсу за высокую адзнаку іх працы, а спонсарам – за падтрымку. Між іншым, падарункі ад ААТ «Белаграпрамбанк» і ўпраўлення фізкультуры, спорту і турызму, а таксама турфірмаў «Ілва», «Кабзар», «Хэпі Турс», базы адпачынку «Крупеніна» і фірмы «Марка» сапраўды былі вельмі прыстойнымі.

– Гэта натхняе на далейшую плённую працу, – сказала В. Маханенка. – Разам мы створым якасны турыстычны прадукт на аснове беларускіх традыцый. Пазіцыяніруйце сябе як беларусы, не забывайце свае карані. Наша задача – прапаганда беларускага ладу жыцця, заснаванага на мудрасці нашых продкаў. Удачы, поспехаў, няхай над вамі заўсёды свеціць сонца! Няхай у вас будзе многа турыстаў, а правільней – гасцей, вашых аднадумцаў. Упэўнена, што Віцебская вобласць застанецца лідарам па развіцці аграэкатурызму.

Агро

Пераможцы і лаўрэаты конкурсу.

Кацярына Князева, «Народнае слова».

Фота Антона Сцепанішчава, «НС»

Мнения

Вверх