Ахова для замка

У хуткім часе каля Гальшанскага замка — былога ўладання Сапегаў — будзе зроблена ахоўная зона.

Як вядома, гэты аб'ект уключаны ў Дзяржаўную праграму "Культура Беларусі" на 2011 - 2015 гады. Таму ўжо сёлета на кансервацыю і добраўпарадкаванне руін Гальшанскага замка, паводле гэтай праграмы, будзе выдаткавана 100 мільёнаў рублёў.

Па словах начальніка аддзела культуры Ашмянскага райвыканкама Галіны Балінскай, грошай на распрацоўку праекта зоны аховы для знакавага помніка гісторыка-культурнай спадчыны Ашмяншчыны пойдзе значна менш: прыкладна 30 мільёнаў рублёў. І ўсе работы над ахоўнай зонай плануецца завяршыць ужо сёлета.

Распавяла Галіна Балінская і пра падрыхтоўку да правядзення чарговага, ужо трэцяга па ліку, Фестывалю сярэднявечнай культуры "Гальшанскі замак". Ён пройдзе сёлета напрыканцы лета - 27 жніўня. Цяпер складаецца план будучага мерапрыемства, вызначаюцца творчыя калектывы раёна, што будуць у ім задзейнічаны, і, натуральна, тыя адметнасці, якія заахвоцяць да прыезду на форум як жыхароў Ашмяншчыны, так і шматлікіх гасцей з усіх рэгіёнаў Беларусі.

Источник: "Культура"

Новости

Вверх