Нямецкі герб з’явіцца ў цэнтры Вілейкі

Нямецкі герб з’явіцца ў цэнтры Вілейкі

Як паведамляе «Рэгіянальная газета»:

Герб нямецкага горада-партнёра Вілейкі Оберхаўзена павінен быць устаноўлены ў суботу, 13 жніўня, на плошчы Леніна. Установяць яго прадстаўнікі нямецкай дэлегацыі, якія 7 жніўня прыехалі ў Вілейку.

Герб Оберхаўзена

Візіт немцаў штогадовы, традыцыйны, сёлета ўжо дваццаты, расказаў у інтэрв’ю «РГ» начальнік аддзела кадраў райвыканкама Яўген Ігнатовіч. У нядзелю да нас прыехалі пяць прадстаўнікоў евангелісцкай царквы. На працягу 20 гадоў сябры з Оберхаўзена дапамагаюць у аздараўленні дзяцей з Вілейкі і Вілейскага раёна.

Па словах Яўгена Ігнатовіча, за гэты час немцы сабралі каля 800 тысяч еўра. На гэтыя грошы аздаравіліся больш за 1000 юных віляйчан. Кожны год дзякуючы дабрачыннай дзейнасці валанцёраў з Германіі ў чэрвені альбо ліпені нашы дзеці на 24 дні едуць у Нідэрланды, на востраў Шарандайка.

Там за кошт немцаў пабудаваны аздараўленчы лагер. Усе расходы па паездцы і адпачынку беларусаў – аўтобус, пражыванне, харчаванне, экскурсіі – таксама бярэ на сябе нямецкі бок.

У Нідэрланды ездзяць дзеці з вілейскай школы-інтэрната, а таксама з сельскіх школ Вілейскага раёна – з Іжы, Любані, Карпавічаў, Чурлёнаў. Бяруць на аздараўленне найперш дзяцей з малазабяспечаных сем’яў, сірот, а таксама тых, хто вызначыўся і перамог у конкурсах і алімпіядах.

У Нідэрландах віляйчане маюць магчымасць адпачыць на беразе Паўночнага мора і падыхаць марскім паветрам, якое вельмі карыснае асабліва для тых, хто пакутуе на захворванне дыхальных шляхоў, сказаў Яўген Ігнатовіч.

герб

Пад час сёлетняга візіту госці з Германіі наведалі вілейскіх дзяцей, якія сёлета адпачывалі на востраве Шарандайка. Немцы тыдзень правядуць у Вілейцы і ў нядзелю, 14 жніўня, вернуцца дамоў.

Сяргей ЗЯНЬКО

Мнения

Вверх