Новыя турыстычныя маршруты распрацавалі ў Ганцавічах

Новыя турыстычныя маршруты распрацавалі ў Ганцавічах

Да Дня беларускай пісьменнасці турыстам прапануюць наведаць літаратурыня мясціны гэтага краю.


Тры маршруты распрацаваў Ганцавіцкі цэнтр дзіцяча-юнацкага турызму і экскурсій. Першы звязаны з наведваннем вёскі Люсіна, дзе пачынаў свой працоўны і творчы шлях Якуб Колас. У мясцовай школе  ён працаваў настаўнікам і менавіта гэтай вёсцы прысвяціў аповесць "У Палескай глушы". Ужо дваццаць год тут працуе Літаратурна-этнаграфічны музей імя Я. Коласа.

Наступны маршрут - вёска Кукава. Тут турыстаў пазнаёмяць з жыццём і творчасцю Міхася Рудкоўскага. Паэт і перакладчык, ён у свой час настаўнічаў у Кукаўскай сямігодцы, пасля працаваў у  ганцавіцкай раённай газеце «Сялянская праўда».

Гасцей чакаюць і ў вёсцы Востраў. Адсюль пачнецца экскурсія па мясцінах Уладзіміра Марука, Іана Кірэйчыка, Віктара Гардзея. Спадар Градзей, дарэчы, толькі скончыў працу над кнігай "Ганцаўшчына: край легенд і талентаў народных". "У гэтай мясцовасці багата лясоў, дагэтуль добра развітыя народныя рамёствы, асабліва ткацтва, - кажа пісьменнік. - Калісьці на старадаўніх могілках пад Ганцавічамі паны з усёй Беларусі хавалі сваіх нябожчыкаў. Па легендзе, тут быў чароўны пясок. Турыстам я раю абавязкова наведаць вёску Вялікія Кругловічы - тут захаваліся помнікі дрыгавічам - велізарныя насыпаныя курганы".

Дарэчы, сёлета ў Ганцавіцкім раёне адкрыўся першы агратурыстычны комплекс "У гасцях у пані". Ягоным уладальнікам з'яўляецца СВК "Агарэвічы". Размяшчаецца комплекс на тэрыторыі былой панскай сядзібы роду Свяжынскіх-Апацкіх. Тут знаходзіцца гасцінічны домік на 9 месцаў, гаспадары прапаноўваюць харчаванне, экскурсійнае абслугоўванне і катанне на конях.

Традыцыйна Дзень беларускай пісьменнасці праводзіцца ў першую нядзелю верасня. Ужо
18 гадоў свята крочыць праз усю краіну. Упершыню яно прайшло ў Полацку ў 1994 годзе.

Новости

Вверх