Гродзенскі дзяржаўны гісторыка-археалагічны музей разлічвае скарыстацца грантам ЕС

Гродзенскі дзяржаўны гісторыка-археалагічны музей разлічвае скарыстацца грантам ЕС

Супрацоўнікі музея супольна з калегамі з Беластоку рыхтуюць праект “Беласток-Гродна – сучасныя музеі”, піша "Твой стыль".

Аўтары праекта разлічваюць атрымаць з Праграмы транспамежнага супрацоўніцтва Польшча-Беларусь-Украіна максімальна магчымы грант – 4 мільёны еўра, які будзе падзелены паміж партнёрамі.

Дырэктар Падляшскага музея Анджэй Леховскі паведаміў, што дамова з Гродзенскім гісторыка-археалагічным музеем ужо падпісаная. 

Гродзенскі музей плануе падрыхтаваць праектную дакументацыю на рэканструкцыю ўсяго замкавага комплексу і дзвюх замкавых вежаў.

У планах – усталяванне выставачных залаў музеяў такім чынам, каб найлепш прадставіць музейныя зборы, у тым ліку сталыя экспазіцыі археалагічных і этнаграфічных набыткаў, будуць падрыхтаваныя часовыя выставы, прысвечаныя сувязям паміж Гродна і Беластокам.

У выніку рэалізацыі супольнага праекту Гродна і Беласток атрымаюць магчымасць прапаноўваць наведнікам музеяў комплексныя экскурсійныя маршруты па беларуска-польскім памежжы, што дасць дадатковы імпульс развіццю турызму ў рэгіёне.

З-за таго, што транспамежныя праекты разглядаюцца надзвычай доўга, пачатак рэалізацыі праекта можа адкласціся да 2013 года.

Мнения

Вверх