Браслаўскія рабінзоны

Браслаўскія рабінзоны

Як паведамляе «Браслаўская звязда»:

Не першы год у час летніх канікулаў на базе гімназіі г. Браслава арганізоўваецца міжнародны турыстычны лагер «Эдэльвейс». Не стаў выключэннем і гэты год.

Пад кіраўніцтвам Вячаслава Кропа школьнікі накіраваліся ў пешы паход уздоўж мяжы з Латвіяй і Літвой. Пераадольваючы па 5-6 кіламетраў у дзень, юныя краязнаўцы прайшлі праз сапраўдную «Школу рабінзонаў».

Першапачаткова на мэце ў арганізатараў і ўдзельнікаў паходу было размеркавацца па парах і правесці конкурс-гульню на лепшых «рабінзона» і «пятніцу». У далейшым усё залежала ад саміх удзельнікаў своеасаблівага спаборніцтва. Яны не падвялі. Кожны старанна выконваў свае абавязкі: адказваў за кухню, за ўладкаванне лагера на начлег, распальванне вогнішча, вядзенне дзённіка, фотаздымкі, забаўляльную праграму. Напрыканцы вандроўкі былі падведзены вынікі, пераможцы атрымалі каштоўныя прызы.

Чарговы «Эдэльвейс» пакінуў вялікую колькасць добрых успамінаў, яркіх уражанняў, незабыўных сустрэч, новых знаёмстваў.

Таццяна Прашкевіч

Мнения

Вверх