Дом Якуба Коласа выставілі на аўкцыён

Дом Якуба Коласа выставілі на аўкцыён

У гэтай сядзібе адпачывалі і працавалі зоркі беларускай літаратуры: Максім Танк, Янка Маўр, Міхась Лынькоў і, вядома ж, сам Якуб Колас.

Сёння двухпавярховы драўляны дом у Мінскім раёне належыць ААТ «Мінскрамбуд». Цяпер яго называюць дом адпачынку «На ростанях», а раней назва была «Каралішчавічы». Заяўленая пачатковая цана прадмета таргоў - 14 млрд рублёў. У арганізацыі пацвярджаюць, што  аўкцыён адбудзецца 9 кастрычніка. «Былы дом-музей падтрымліваўся ў належным стане на энтузіязме супрацоўнікаў арганізацыі, – адзначыў спецыяліст, адказны за правядзенне аўкцыёну. – Але сам будынак не мае статусу гістарычнай каштоўнасці».

З гэтым не пагаджаюцца літаратурныя крытыкі і нашчадкі Коласа. Літаратуразнаўца Міхась Мушынскі распавядае, што вядомыя беларускія пісьменнікі часта прыязджалі сюды з сем’ямі – папрацаваць і адпачываць. «Якубу Коласу, які на той час ужо застаўся адзін, без жонкі, таксама падабалася тут знаходзіцца. Жартаўліва ён называў гэтыя мясціны Камарарышчавічы – дом знаходзіўся ў лесе, у нізкім месцы – тут было багата ягад, грыбоў». Спадар Мушынскі кажа, што Дом творчасці – гэта гістарычнае месца, якое згадваецца ў лістах і дзённіках беларускіх класікаў. «Я лічу, што нельга аддаваць гэты будынак на водкуп. Калі новы гаспадар адновіць дом і зробіць у ім культурны цэнтр, гэта будзе выдатна. Але калі тут з’явіцца нейкая піваварня ці забаўленчы цэнтр, гэта будзе вельмі сумна», – мяркуе суразмоўца.

Сын Якуба Коласа, Міхась Міцкевіч, звяртае ўвагу на тое, што менавіта ў гэтым доме Якуб Колас працаваў над паэмай «На шляху волi», рэдагаваў трылогію «На ростанях». І да таго, як пабудавалі Дом адпачынку ў Іслачы, гэта было адзінае месца сустрэчы для пісьменнікаў за межамі імклівага Мінска. Як вядома, восем гадоў таму будынак у Іслачы таксама прадалі. Зараз ён знаходзіцца ў запусценні.

Мнения

Вверх