Беларускі дзяржаўны музей народнай архітэктуры і побыту запрашае на «Восеньскі фэст»

Беларускі дзяржаўны музей народнай архітэктуры і побыту запрашае на «Восеньскі фэст»

Вось і надышла восень. У задуменні стаяць старадаўнія хаты, пуні ды адрыны, успамінаючы вясёлыя галасы руплівай вясны і клапатлівага лета. Засыпана зерне ў клець і  гаспадыні  амаль прыбралі свае агароды. Самы час адпачыць і запрасіць у госці сваякоў і суседзяў.

Беларускі дзяржаўны музей народнай архітэктуры і побыту запрашае сваіх сяброў на «Восеньскі фэст», які ўжо некалькі год запар знаёміць наведвальнікаў  з   традыцыйнымі народнымі  восеньскімі святамі. Сёлета гэта яскравае мерапрыемства пачнецца  а 13-ай гадзіне 24 верасня. Мы  запрашаем усіх узгадаць святы Багач і Пакровы, далучыцца да старажытнага абраду «Жаніцьба лучніка», пазнаёміцца з персанажам гульні «Пан Быкоўскі», прыняць  удзел у  народных восеньскіх забавах і гульнях. Святочная атмасфера дапоўніцца канцэртнай праграмай ансамбляў Шчомысліцкага сельскага дома культуры «Шчамыслянка», Прылукскага цэнтра народнай творчасці «Мілавіца» і дзіцячага калектыву «Бараўлянская крынічка».

Упершыню на «Восеньскім фэсце» будзе разгорнуты продаж таннай садавіны і гародніны ад сельгаспрадпрыемстваў Мінскага раёна.

Пад час свята можна будзе  набыць сувеніры ад народных майстроў, падсілкавацца  ў сапраўднай  «Беларускай карчме», прыняць удзел у майстар-класе па пляценню з саломкі.

Мнения

Вверх