18 кастрычніка адкрываецца фотавыстава «З табурэтам праз кантыненты»

18 кастрычніка адкрываецца фотавыстава «З табурэтам праз кантыненты»

Так гістарычна склалася, што для нас, беларусаў, ледзь не адзінае «пэўнае» месца, дзе можна вольна выказваць свае думкі, – не галоўная плошча горада, не ўніверсітэцкая аўдыторыя, не студыя тэлеканала, а кухня. Воляй лёсу самыя шчырыя размовы ў нас адбываюцца менавіта там.

Седзячы за кухонным сталом на зэдліку, чалавек марыць услых ды не баіцца называць рэчы сваімі імёнамі. Ён марыць знайсці працу, прызнацца ў каханні, паехаць да акіяну.

І калі кухня, такім чынам, – беларуская плошча свабоды, то статуя гэтай свабоды – табурэт. А каб быць свабодным не толькі на кухні, трэба ўзяць яго з сабой і пайсці. Куды? Туды, дакуль можна ісці. На край свету.

Taburet

«З табурэтам да акіяну» – так называецца творчая экспедыцыя, якая цягнулася роўна год. За гэты час удзельнікі экспедыцыі з Беларусі, Расіі ды Украіны праехалі аўтаспынам і прайшлі пешшу каля 30 тысячаў кіламетраў, наведалі 14 краінаў (ЗША, Мексіку, Гватэмалу, Гандурас, Нікарагуа, Коста-Рыку, Панаму, Калумбію, Эквадор, Перу, Балівію, Бразілію, Аргентыну, Чылі), пазнаёмілі іх жыхароў са сваёй нацыянальнай культурай. І пакінулі табурэт на краі зямлі – ля самага паўднёвага горада свету – Ушуая (Вогненная Зямля, Аргентына), пашырыўшы такім чынам межы сваёй свабоды на адлегласць двух кантынентаў.

Выстава «З табурэтам праз кантыненты» – падборка самых яскравых момантаў падарожжа, застыглыя фрагменты экспедыцыі, якія з дапамогаю невялікага тэкставага апісання перанясуць вас за акіян. Яны пазнаёмяць вас з людзьмі, якія сустракаліся падарожнікам; з гарадамі і вёскамі, праз якія ляжаў іх шлях; са свабодаю, якую яны набылі за гэты год.

Аўтары: Аўгіня Манцэвіч і Уладзіслаў Юркоў

Адкрыццё адбудзецца 18 кастрычніка, а 19-й гадзіне ў малой зале галерэі сучаснага мастацтва "Ў".

Новости

Вверх