У Магілёве пакажуць ключ апошняга караля Рэчы Паспалітай

У Магілёве пакажуць ключ апошняга караля Рэчы Паспалітай

Як паведамляе Mycity.by:

11 лістапада ў музеі гісторыі Магілёва (ратуша) адбудзецца прэзентацыя ўнікальных экспанатаў (а 16-й гадзіне). «Па-першае, мы прадставім вялікі і надзвычай прыгожы макет старажытнага Магілёва, памеры якога ўражваюць — два метры сорак сантыметраў на метр восемдзесят, — распавядае дырэктар музея Аляксей Мікалаевіч Бацюкоў. — Па-другое, будзе некалькі цікавых гістарычных дыярам, магілёўцы ўбачаць габелен з выявай Магілёва XVIII ст., а таксама — некалькі ўнікальных рэчаў, якія мы набылі ў прыватных калекцыянераў».

Музей падрыхтаваў сапраўды шыкоўны падарунак усім аматарам нашай даўніны. Па-першае, унікальны макет, які прэзентуе Магілёў часоў «Хронікі» Сурты і Трубніцкага. Зрабіў гэты макет наш вядомы мастак Базыль Камароў. Цікавы яго выраб найперш гістарычнымі падрабязнасцямі. Па-словах Аляксея Бацюкова, на макеце будзе паказаны замак, а таксама — так званая другая лінія абароны, якая ўключае ў сябе тэрыторыю цяперашняга Магілёва прыкладна ад берага Дняпра да Дыягнастычнага цэнтра.

9

10

11

Будуць таксама дзве дыярамы. На першай — Гандлёвая плошча (сучасная Савецкая) часоў пабудовы ратушы. Дарэчы, на дыяраме ратуша будзе без вежы — мастак зафіксаваў яе, так бы мовіць, у працэсе будаўніцтва. Другая дыярама — цэхавы экзамен. На ёй — тыповая прастора магілёўскага цэха шабельнікаў. «Там можна ўбачыць пакупнікоў, майстра і падмайстра, які здае экзамен на выраб нейкага прадмета», — распавядае Аляксей Мікалаевіч.

Сярод экспанатаў — таксама і 2-мятровы габелен, зроблены магілёўскай мастачкай Марынай Несцярук. На габелене — выява г. Магілёва XVIII ст. з гравюры, надрукаванай у нямецкай кнізе. «Гэты габелен будзе вісець у Войтаўскай зале, на другім паверсе музея, — удакладняе наш суразмоўца, — там, дзе размешчаны партрэты каралёў Рэчы Паспалітай».

1

2

Дамінантамі выставы, аднак, з’яўляюцца іншыя рэчы.

4

5

6

Магілёўцам пакажуць шаблю-касцюшкоўку, якую музей не так даўно набыў у аднаго магілёўца. Апошні, дарэчы, выцягнуў яе з Дняпра — лавіў шчупака, а злавіў рарытэтную зброю канца XVIII ст. З такімі «цацкамі» шляхта змагалася за Канстытуцыю 3 мая. Цікава, што касцюшкоўку знайшлі менавіта на Магілёўшчыне, бо паўстанне на тэрыторыі рэгіёна асабліва не было распаўсюджана.

7

Другі здабытак не менш, а можа, і больш каштоўны — камергерскі ключ апошняга караля Рэчы Паспалітай Станіслава Аўгуста Панятоўскага. Ім карыстаўся кароль, магчыма, адчыняючы свой кабінет. Як гэты ключ патрапіў на Магілёўшчыну — невядома. Хутчэй за ўсё, яго «ўзяў» рускі салдат і пакінуў сваім нашчадкам. Вядома, што палац «апошняга Пяста», як называлі сучаснікі Панятоўскага, быў разрабаваны. Дзякуючы лёсу, аднак, камергерскі ключ захаваўся і дайшоў да нашага часу.

П. Левановіч

Новости

Вверх