У Магілёва адбыўся абласны семінар па лозапляценню

У Магілёва адбыўся абласны семінар па лозапляценню

Як паведамляе «Зямля i людзi»:

Нашы продкі ўмелі ўпрыгожваць свой побыт. Дзівоснай прыгажосці керамічны посуд, розныя ліштвы, шчодра аздобленыя арнаментам ручнікі, вытанчаная выцінанка… А якія цуды яны ўмелі ствараць са звычайнай лазы! Кошыкі, куфры, корабы, мэбля — не толькі прыгожыя, але і патрэбныя ў гаспадарцы рэчы.

Старадаўняе рамяство жывое і сёння. Цудоўная магчымасць павучыцца асновам гэтага мастацтва мелі ўдзельнікі абласнога семінара па лозапляценню, які праходзіў на базе Магілёўскага абласнога метадычнага цэнтра народнай творчасці і культурна-асветнай работы. На яго з’ехаліся творчыя людзі з розных куткоў Магілёўшчыны: кіраўнікі гурткоў устаноў культуры, майстры Дамоў рамёстваў, выкладчыкі школ рамёстваў.

Праводзіла семінар член Беларускага саюза майстроў народнай творчасці, народны майстар Беларусі Таццяна Міхайлаўна Фяськова — выдатная майстрыха, пастаянная ўдзельніца раённых, абласных, рэспубліканскіх і міжнародных выстаў, конкурсаў, фестываляў. Лозапляценне даўно стала справай яе жыцця. А яшчэ жанчына ахвотна перадае сваё майстэрства ўсім жадаючым навучыцца лозапляценню.

Кожны з амаль двух дзясяткаў удзельнікаў семінара-практыкума атрымаў матэрыял (пучок лазовых пруткоў), неабходны інструмент (секатары, нажы) і заданне — вырабіць самы звычайны кошык.
Удзельнікі семінара з розных раёнаў прызнаваліся, што ім было надзвычай цікава павучыцца лозапляценню. Засвоіўшы азы, яны будуць развіваць сваё майстэрства і передаваць яго сваім вучням. Але каб дасягнуць высокага ўзроўню ў лозапляценні, трэба аддаць гэтаму занятку шмат сіл і часу.

Варта дадаць, што семінар па лозапляценню стаў адным з цэлай серыі абласных семінараў-практыкумаў, што праходзілі сёлета на базе абласнога метадычнага цэнтра, а таксама іншых устаноў Магілёўскай вобласці. Яны былі прысвечаны розным відам дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва: вырабу саламянай лялькі, бісерапляценню, ткацтву, кераміцы і ганчарству. Да канца бягучага года на базе абласнога метадычнага цэнтра мусяць адбыцца яшчэ некалькі падобных мерапрыемстваў. Іх мэта — захаваць і перадаць майстэрства творчым людзям з усёй Магілёўшчыны, каб розныя віды рамёстваў развіваліся і набывалі папулярнасць сярод жыхароў нашага краю.
Вольга СЕМАНКА, вядучы рэдактар Магілёўскага абласнога метадычнага цэнтра народнай творчасці і культурна-асветнай работы.

Новости

Вверх