Рэстаўрацыя гродзенскай кірхі затрымліваецца з-за адсутнасці праекта

Рэстаўрацыя гродзенскай кірхі затрымліваецца з-за адсутнасці праекта

Як паведамляе Радыё Рацыя:

Гродзенская кірха яшчэ год будзе чакаць прац па аднаўленні. З-за валакіты ў падрыхтоўцы праекта-каштарыснай дакументацыі, якую «Гроднаграмадзянпраект» павінен быў здаць яшчэ ў кастрычніку, узнікаюць праблемы з фінансавай дапамогай для правядзення рэстаўрацыйных прац, якую меліся аказваць нямецкія партнёры.

Пра гэта паведаміў пастар евангелісцка-лютэранскай абшчыны Гродна Уладзімір Татарнікаў:

– Лістапад – гэта месяц складання фінансавых бюджэтаў. Нашы партнёры закладаюць у бюджэты таксама выдаткі на рэстаўрацыю нашай кірхі, для таго каб затым пералічыць грошы на рахунак нашага дабрачыннага фонда. Калі ў лістападзе мы не пададзім ім усе патрэбныя дакументы, яне не змогуць гэты раздзел выдаткаў уключыць на наступны год. І мы тады губляем адзін год. Немцы – народ пунктуальны і ўмеюць лічыць. Без праекта яны папросту не ўключаць у бюджэт раздзел выдаткаў на рэстаўрацыю нашага храма.

1

2

3

У наступным годзе адзіны дзеючы лютэранскі храм у Беларусі будзе святкаваць 100-годдзе свайго другога нараджэння, калі будзе цалкам завершана будаўніцтва кірхі, да якой прыбудавалі дом пастара. Гродзенская лютэранская абшчына спадзяецца, што нямецкі бок усё ж выдзеліць хоць нейкую частку грошай на тое, каб распачаць рамонтныя працы да юбілею.

Гражына Шалкевіч, Гродна. Фота аўтара

Мнения

Вверх