Сялянскі быт прадстаўлены ва ўсіх сваіх праяўленнях

Сялянскі быт прадстаўлены ва ўсіх сваіх праяўленнях

Як паведамляе "Кобрынскi веснiк ":

Часам здаецца – усё навокал знаёмае і звычнае, і няма нічога, што можа так ці інакш здзівіць ці ўразіць… Аднак зноў і зноў адкрывае свае скарбніцы шчодрая на цуды і таленты беларуская зямля, і аказваецца, што ўжо знаёмае і вядомае – толькі мізэрная частка яе незлічоных дзівосаў.

Менавіта такія ўражанні прывезлі журналісты “КВ” з чарговай “лятучкі”, якая ў гэты раз адбылася на Драгічынскай зямлі. Мерапрыемства было прысвечана тэме “Радавод і сучаснасць роднага краю ў сродках масавай інфармацыі”. Як нельга лепей адпавядала тэме і культурная праграма – нязменны спадарожнік кожнага такога семінара, якая ў чарговы раз пацвердзіла, што колькасць цікавых мясцін, невядомых яшчэ традыцый і гістарычных рэліквій значна большая за тую, што мы звычайна акрэсліваем у нашай свядомасці.

Першым прыпынкам пасля знаёмства з рэдакцыяй драгічынскіх калег на нашым маршруце стаў музей партызанскай славы імя Дзмітрыя Удовікава. На фоне рарытэтных фотаздымкаў і экспанатаў, здавалася, ажывалі карціны гісторыі і постаці ўдзельнікаў той страшнай вайны, адна за адной праяўляліся падзеі з ваеннага жыцця Драгічыншчыны і з нашай гісторыі.

Ёсць у Драгічынскім раёне і свая этнаграфічная  жамчужына, вядомая бадай што на ўсю краіну. Гэта вёска Бездзеж – своеасаблівы куточак палескай культуры з даўнімі і багатымі традыцыямі ткацтва, вышыўкі, пляцення карунак і багатай фальклорнай спадчынай.

Нягледзячы на тое, што адчыніў свае дзверы музей адносна нядаўна – усяго толькі ў 1999 годзе – праз дзесяць гадоў ён ужо быў узнагароджаны спецыяльнай прэміяй Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь дзеячам культуры і мастацтва за стварэнне ўнікальнай калекцыі аўтэнтычных узораў народнай творчасці і за значны ўклад у захаванне і папулярызацыю мясцовых рамёстваў, абрадаў і дыялектаў. Сялянскі быт тут прадстаўлены ва ўсіх сваіх праяўленнях – ад вонкавага выгляду да ўнутранага ўбрання сялянскай хаты, прылад працы да адзення і ўпрыгажэнняў, ад штодзённага быту да вясельных абрадаў.

IMG_0821

Асаблівасцю музея з’яўляецца калекцыя фартушкоў, з-за якіх ён і атрымаў сваю назву – “Бездзежскі фартушок”. Якіх іх там толькі няма – з бялёнай і небялёнай тканіны, з разнастайнай вышыванкай – і непаўторнымі, прыцягваючымі вока ўзорамі… Усяго фартушкоў налічваецца больш за 220 – калекцыя з’яўляецца ўнікальнай. Самы стары паходзіць з 19-га стагоддзя, прытым што выглядае як новы. Відаць, сваю ролю ў такой дзіўнай даўгавечнасці адыграла тое, што ў кожную рэч, у кожную дэталь адзення ўкладзены вялікая людская праца і душа мясцовых майстрых.

Ну а пасяджэнне семінара адбылося ў Хомскай сярэдняй школе, якая ўжо на працягу 130 гадоў славіцца традыцыямі педагагічнага вопыту і сваімі выпускнікамі. З гісторыяй школы ўсіх прысутных пазнаёміў дырэктар Мікалай Ігнатчык, а экскурс у школьнае жыццё на выдатным узроўні прадставіў сямікласнік Аляксандр Кашталян.

Шчыра прызнацца, усе мы пакідалі Драгічынскую зямлю з задавальненнем і з жаданнем вярнуцца сюды калі-небудзь яшчэ.

Дзмітрый БЯЛОЎ

Фота Рамана Мельніка

Мнения

Вверх