Беларускія дызайнеры рыхтуюць утульны Калядны кірмаш

Беларускія дызайнеры рыхтуюць утульны Калядны кірмаш

Паміж маршамі Дзедаў Марозаў, вітрынамі з ватай і мандарынамі, сельскагаспадарчымі базарамі ва ўсіх раёнах Мінска творчая моладзь запрашае на маркет хэндмэйду ў цэнтры сталіцы.

Аўтарскі навагодні дэкор зараз амаль недаступны шырокай публіцы, але «Christmas pop-up shop» мае на мэце выправіць гэту сітуацыю.  Арганізатары разлічваюць убачыць на выставе тых, каго цікавіць святочны дэкор.

«Каля 30 беларускіх дызайнераў прэзентуюць свае работы, – кажа менеджар праекту Марына Давыдава. – Асноўная тэматыка – гэта Новы год, таму на кірмашы вы знойдзеце навагоднія шары і вяночкі, свечы і ўпрыгожванні, дзе асноўным будуць элементы, якія асацыііруюцца з зімой».

Выстава-кірмаш будзе праходзіць на трэцім паверсе Дома гісторыі кіно. Сапраўднай разынкай стануць кінапрагляды тэматычнага кіно і мультфільмаў. Тут таксама будзе працаваць буфет, дзе наведвальнікам прапануюць імбірныя кексы, навагодняе печыва і гарачыя напоі – іх будуць гатаваць па старажытных рэцэптах.

Свае работы прэзентуюць студэнты Акадэміі мастацтва і іншыя пачаткоўцы хэндмэйду. Арганізатары абяцаюць, што кошты на падарункі будуць дэмакратычнымі. 

«На жаль, у Мінску вельмі мала мерапрыемстваў, якія б перадавалі калядны настрой, стваралі атмасферу ўтульнага сямейнага свята. Мы спадзяемся, што ў нас гэта атрымаецца», – кажа Марына Давыдава. Тым больш, што досвед у арганізатараў ёсць. У свой час яны стваралі ўнікальны арт-пікнік FSP. 

Арткірмаш «Christmas pop-up shop» будзе працаваць 24 снежня з 11 да 17 гадзін у музеі Дома гісторыі кіно (вул. Свярдлова, 4). 

Мнения

Вверх