На Гродзеншчыне з'явіўся яшчэ адзін канкурэнт Дзеда Мароза

На Гродзеншчыне з'явіўся яшчэ адзін канкурэнт Дзеда Мароза

Як паведамляе  «Гродзенская праўда»:

Зімнік Налібоцкі з бабай Завірухай пасяліліся ў вёсцы Залейкі Іўеўскага раёна.

Гасцей чакаюць сапраўдныя цуды. Для пачатку трэба будзе прайсці па казачным лесе, дзе кожную ноч квітнеюць незвычайныя кветкі. На шляху паўстануць мядзвежая хаціна, хатка Бабы-Ягі, хованкі лесуна, жыхары якіх будуць чыніць перашкоды гасцям. Але дзед Зімнік і баба Завіруха абавязкова дачакаюцца і дзяцей, і дарослых, каб разам павадзіць карагоды ля прыгажуні-ёлкі, паглядзець прадстаўленне «Навагоднія прыгоды Шапакляк і яе сяброў».

– Шкада, што снегу няма, бо катанне на санках у нас таксама прадугледжана, – кажа адзін з арганізатараў «Сядзібы дзеда Зімніка і бабы Завірухі» Наталля Мудрык. – Але гасцей будзем сустракаць да сярэдзіны студзеня, глядзіш, і наварожаць нашыя героі сапраўдную зіму!

Нягледзячы на тое, што персанажы казачныя, грошы за сустрэчу з імі трэба будзе заплаціць сапраўдныя. Уваходны білет для дарослых – 45 тысяч рублёў, для дзяцей – 35 тысяч. У Белавежскай пушчы наведванне рэзідэнцыі Дзеда Мароза каштуе столькі ж.

Прымаць наведвальнікаў сядзіба Зімніка Налібоцкага будзе да 15 студзеня.

Дарэчы, гэта ўжо не першы канкурэнт Дзеда Мароза ў нашай краіне. У Пастаўскім раёне некалькі год запар гасцей прымае Зюзя Паазерскі.

Мнения

Вверх