Сіноптыкі абяцаюць снег на Новы год

Сіноптыкі абяцаюць снег на Новы год

Тэмпература апусціцца да 7–9 градусаў марозу, кажуць у Рэспубліканскім гідраметэацэнтры.

У пятніцу і суботу — 30 і 31 снежня — на большай частцы тэрыторыі краіны пройдзе мокры снег з дажджом. У асобных раёнах будзе слабы галалёд, на дарогах месцамі ўтворыцца галалёдзіца. Тэмпература паветра ў пятніцу і суботу складзе ад -3 да +3 градусаў. 31 снежня слупок тэрмометра месцамі апусціцца да 5 градусаў марозу.

У навагоднюю ноч паўднёва-заходні і заходні вецер зменіцца паўночным, падмарозіць. Месцамі пройдзе кароткачасовы снег. Тэмпература можа апусціцца да 7–9 градусаў марозу.

На дарогах узмоцніцца галалёдзіца, таму кіроўцам трэба быць асабліва ўважлівымі. Паводле папярэдняга прагнозу, у Мінску ў навагоднюю ноч чакаецца 3–5 градусаў марозу, днём ад -2 да 0 градусаў. Выпадзе невялікі снег.

За апошнія 30 гадоў снег адсутнічаў у Мінску ў 1990-м, 1995-м, 2005-м і 2007-м гадах. Самай снежнай была навагодняя ноч у 2002 г., калі вышыня снегу дасягала 29 см. Самая марозная навагодняя ноч на тэрыторыі Мінска была ў 1941 г. (мінімальная тэмпература склала -29,8 градуса). Самая некамфортная навагодняя ноч прыпала на 1979 год (мінімальная тэмпература склала -23 градусы, дзьмуў моцны паўднёва-ўсходні вецер). Самая цёплая святочная ноч за апошнія 20 гадоў прыйшлася на 2007 год, калі тэмпература не апусцілася ніжэй за +3 градусы, ішоў праліўны дождж.

У нядзелю, 1 студзеня, тэмпература складзе ад -5 да 2 градусаў цяпла, дзе-нідзе ўначы – да 7–9 градусаў марозу. Месцамі чакаецца невялікі снег, на дарогах галалёдзіца.

Новости

Вверх