Пайшоў з жыцця краязнавец і эколаг Аляксей Дуброўскі

Пайшоў з жыцця краязнавец і эколаг Аляксей Дуброўскі

На 68-м годзе жыцця ў Пінску памёр краязнавец, эколаг, фатограф і журналіст Аляксей Дуброўскі.

Аляксей Дуброўскі нарадзіўся на Барысаўшчыне. Вышэйшую адукацыю атрымаў у БДУ, дзе скончыў біяфак. Пасля працаваў у навуковым аддзеле Нацыянальнага парка «Белавежская пушча», настаўнікам у Магілёўскім раёне, аднак большую частку жыцця аддаў Піншчыне, дзе быў інжынерам у праектным інстытуце меліярацыі «Палессегідраводгаспадарка», начальнікам пошукавай партыі, галоўным спецыялістам па ахове прыроды. Кіраваў у тым ліку і арганізацыяй новых заказнікаў на Брэстчыне. У часы перабудовы падтрымаў Беларускі Народны Фронт «Адраджэнне»; з 1990 па 1999 гады быў дэпутатам Пінскага гарсавета.

У вольны ад працы час Аляксей Дуброўскі займаўся краязнаўствам, здымаў аматарскія фільмы, распрацоўваў экалагічныя маршруты, выдаў некалькі кніжак, прысвечаных экалогіі, прыродзе і гісторыі Палесся. З’яўляецца аўтарам некалькіх соцень артыкулаў на тэмы экалогіі, краязнаўства, турызму і гісторыі, якія рэгулярна друкаваліся ў беларускіх і замежных выданннях. У 2006 годзе стаў пераможцам творчага конкурсу на лепшае асвятленне тэм сацыяльнага жыцця, краязнаўства і экалогіі Палескага краю, які праводзіла Беларуская асацыяцыя журналістаў сярод сваіх сяброў у Пінскім рэгіёне. Таксама ў 2006 годзе ў Пінску быў выдадзены фотаальбом «Край пад белымі крыламі», у склад якога ўвайшлі фотаздымкі Палесся Аляксея Дуброўскага.

Аляксей Дуброўскі памёр ад інфаркта за тыдзень да дня нараджэння. Пахаванне адбудзецца ў Пінску ў сераду.

Супрацоўнікі рэдакцыі газеты «Туризм и отдых» і выдавецтва «Рифтур» выказваюць шчырыя спачуванні родным і блізкім Аляксея Дуброўскага.

Мнения

Вверх