Беласток і Пінск супрацоўнічаюць у сферы турызму

Беласток і Пінск супрацоўнічаюць у сферы турызму

Ужо на наступным тыдні дырэктар заказніка Віктар Бяленка наведае беластоцкіх партнёраў, каб перадаць ім рэкламную прадукцыю пра турызм на пінскім Палессі. Паводле яго слоў, установа мае цікавыя прапановы:

– Мы стараемся забяспечыць заказнікі і веласіпедамі, і байдаркамі, і конныя падарожжы ў нас ёсць. Стараемся паказаць усе адметныя мясціны, паказаць нашу прыроду, звярнуць увагу на экалагічныя аспекты. Паказваем гідравузел № 11 у вёсцы Качановічы – такіх збудаванняў ужо амаль нідзе няма.  

Польскія партнёры наведвалі Піншчыну з мэтай зрабіць аналіз, чаго бракуе для польскага турыста. У выніку галоўнае пажаданне – зрабіць лепшымі паслугі аграсядзіб. Пакуль толькі адна аграсядзіба ў вёсцы Кудрычы адпавядае стандартам.

* * *

ТОП-10 галоўных славутых мясцін Палесся склала газета «Турызм і адпачынак». Першае месца ў рэйтынгу атрымаў горад Пінск. Турыстам раяць наведаць езуіцкі калегіум сярэдзіны XVII стагоддзя, палац Бутрымовіча і пабачыць у кафедральным касцёле палатно Рэмера «Пінская Мадона».

Працягвае рэйтынг вёска Кудрычы, Столін і легендарныя Альманскія балаты, якія называюць лёгкімі Еўропы. Завяршаецца рэйтынг палескім мястэчкам Кажан-Гарадок, дзе, паводле паданняў, пабываў старажытны рымскі паэт Авідзій.

* * *

Польскага турыста на Палессе вабіць прырода і мінуўшчына краю, а расійскага – танны кошт паслуг, адзначаюць пінскія экскурсаводы. Сёлетні ўнутраны турыстычны летні сезон на пінскім Палессі не апраўдаў спадзяванняў, чакалася больш замежных турыстаў, але азнаменаваўся прыездам датчан ды бельгійцаў.

Дырэктар дзяржаўнага прыродаахоўчага заказніка «Сярэдняя Прыпяць і Простыр» Віктар Бяленка адзначае, што пад еўрапейскага турыста яшчэ трэба дапрацоўваць інфраструктуру:

– Той сервіс, які аграсядзібы могуць прапанаваць турысту, не адпавядае еўрапейскім стандартам. Экалагічны турызм палягае на тым, што цэлы дзень турысты могуць праводзіць дзе заўгодна – у лесе, на балоце, але вечарам, калі тур заканчваецца, адпачываць яны павінны ў нармальных умовах. Бо турысты хочуць, каб была гарачая і халодная вада, асобныя нумары і добрая ежа.

У наступным турыстычным сезоне на Палессі плануюць адкрыць водны маршрут для байдарак па Прыпяці, які б спалучаў Беларусь і Украіну.

Пятро Савіч

Новости

Вверх