«Ляписы» и туризм

Казюк (па літоўску - Казюкас) – гэта віленскі кірмаш, які ладзіцца з тых даўніх часоў, калі была яшчэ жывая беларуская прымаўка: «круці жорны пільна – і тут будзе Вільня».Назва кірмаша паходзіць ад імя каралевіча Казіміра (1458–1485), які за сваю набожнасць быў кананізаваны каталіцкім касцёлам і ўжо некалькі стагоддзяў лічыцца патронам усёй Літвы. Казюк – гэта ласкавая форма імені Казімір (гэтаксама як Пецяў беларусы часцяком называлі Петрукамі, Янкаў – Янукамі, а Сярожаў - Сержукамі).

Кірмаш пачынаўся як невялікі фэст каля касцёла Св. Казіміра (знаходзіцца на Ратушнай плошчы) на дзень памяці святога (4 сакавіка). Але з цягам часу ён вырас у вялікі гарадскі карнавал, асновай якога з’яўляецца гандаль, торг усім, што зрабілі рукі жыхароў віленскіх ваколіц. Старажылы Вільні яшчэ памятаюць часы, калі тавар выкладалі прама на снег, а віленскі брук быў пакрыты тонкім слоем раскатанага конскага гною. Час мінуў, і жывая стыхійная традыцыя ператварылася ў сапраўдны гарадскі брэнд, які вабіць тысячы турыстаў з самых розных краін, сярод якіх велізарны працэнт – жыхары слаўнага горада-героя, найбліжэйшага суседа Мінска...

 DSC01235

DSC01239

Сёння кірмаш Казюк займае не толькі Ратушную плошчу, але і праспект Гедыміна з Кафедральнай плошчай, і некалькі вуліц у Старым горадзе. Але і гэта яшчэ не канец: колькасць гандляроў мае тэндэнцыю да павелічэння. Больш за тое: Казюк адбываецца ў гэтыя дні і ў іншых гарадах Літвы, Польшчы, а таксама ў Гродне, дзе яго арганізуюць літоўская і польская нацыянальныя абшчыны.

DSC01245

DSC01247

Віленская пальма – сімвал свята. Але цікава, што сімвалам яна стала ў яшчэ нядаўнія савецкія гады. Справа ў тым, што гэтая пальма – самая звычайная велікодная вербачка, якую адносна нядаўна яшчэ прадавалі ў Вербную нядзелю, за тыдзень да Уваскрасення. Але, як вядома, у краіне, «дзе ўсе павінны былі быць шчаслівымі», было не прынята радавацца з рэлігійных нагод. Віленчукі схітрылі: сталі прадаваць упрыгожаныя вясновыя галінкі крышку раней. А потым і прыжылося.

DSC01249

Казюк – гэта гандаль выключна таварамі ўласнай, хатняй вытворчасці, усім, што сёння модна называць «хэндмэйдам». Спектр шырокі: ад сыроў і самаробнага піва да каваных падсвечнікаў і плеценых кошыкаў. Гуляць на Казюку можна як па выставе. Або як па зале з дэгустацыямі: гандляры і без таго ведаюць, што большасць каштуе без намеру купіць, але нават выгляду не падаюць, шчодра частуюць усіх.

Быў момант у гісторыі кірмаша, калі ён рызыкаваў «патануць» у танных забаўках і драбязе, але сёння ўжо відавочна, што звычайныя традыцыйныя вырабы – мёд, зёлкі, чорны жытні хлеб і льняныя вышыванкі – тут больш чаканыя і каханыя за кітайскі пластык і сінтэтыку. Напэўна, тут не абыйшлося без гарадской адміністрацыі, якая ўзяла на сябе функцыі кантролю свята, а таксама правядзенне конкурсаў на найбольш арыгінальных вытворцаў. З аднаго боку быў страчаны эфект стыхійнасці, але з іншага – па кірмашы з прыемнасцю пройдзецца самы пераборлівы сноб-эстэт. Ужо адно афармленне некаторых палатак цягне на твор мастацтва.

DSC01254

DSC01257

Адначасова з гандлем вулачкі Вільні ў гэтыя дні запаўняюцца артыстамі і музыкамі. Усе, хто грае хоць на чым, знаходзяць сабе мясцечка пад старой аркай ці паміж палаткамі. Фея, якая адорвае прахожых дотыкам чароўнай палачкі, дзеці з касцёльнага хору, гурт моладзі з этнічнымі інструментамі, джазавы бэнд... А ў дадатак – галоўная сцэна на Ратушнай плошчы, дзе выступаюць ансамблі традыцыйнай музыкі. У нейкі момант у гарадскім шуме цяжка расчуць хоць што-небудзь. Людзі суцэльным бясконцым натоўпам «плывуць» па кірмашовых вузкіх вуліцах без магчымасці спыніцца. І раптам – стоп! «А ў полі вярба нахілёная...», – галосіць нейкі барытон пад вясёлую гітару. Го? Спыняюся, нягледзячы на напор натоўпу ззаду. Нашы ў горадзе! Спяваюць «Песняроў» і «Крамбамбулю», народнае і эстраднае. Дробязь, а прыемна.

Мядзьведзь з герба аднаго жмудскага горада, зроблены з дравесных галінак

Мядзведзь з герба аднаго жмудскага горада, зроблены з дравесных галінак.

Ад кірмашу, яго тавараў, палатак, атмасферы так і вее натуральнасцю, традыцыйнасцю. Літоўцы, грунтуючыся на традыцыях розных народаў, што здаўна пражывалі ў Вільні, сёння на «выдатна» засвоілі каштоўнасць этнічнай культуры, якая стала да таго ж прыносіць і грашовы прыбытак.

***

У адваротнай дарозе – толькі і размоў: а чаму ў нас так не могуць? Чаму ў нас не па-людску гэта ўсё? Як свята – дык папойка, а як кірмаш – дык райпо, сяльпо і кітайскія забаўкі з рускай папсой... Здаецца, і ў нас саломку плятуць віртуозна, і выцінанкі чароўныя робяць, і зёлкі ёсць, і мёд гаспадары робяць, а да смятаны і масла нашага – літоўцам як да Марса... Можа і  добра, што такі кірмаш - у самы блізкіх суседзяў. Можа,   падглядаючы ў суседзяў, і навучымся... эстэтыцы жыць.

Мнения

Вверх