Пяць гадоў заглыблення ў народныя традыцыі: юбілейны Пятроўскі фэст чакае гасцей

Пяць гадоў заглыблення ў народныя традыцыі: юбілейны Пятроўскі фэст чакае гасцей

Традыцыйна майстар-класы па танцах праводзіць  этнахарэограф, кіраўнік узорнага фальклорнага ансамбля «Верабейкі» Сяргей Выскварка. Удзельнікі  таксама атрымаюць унікальную магчымасць пераймаць танцы наўпрост ад мясцовых танцораў старэйшага пакалення.

У гэтым годзе прыемным і карысным падарункам для ўдзельнікаў фэсту стануць спеўныя заняткі з Вольгай Емяльянчык, кіраўніцай фальклорнага гурта «Варган». Прынцыповая пазіцыя ў выкладанні спеваў спн. Емяльянчык  імкненне да пераняцця аўтэнтычнай, арыгінальнай манеры выканання. 

Падчас вандровак у вёскі Закальное, Ямінск, Дарасіно і іншыя ўдзельнікаў гасцінна прымуць  фальклорныя гурты «Глыбокія крыніцы», «Журавушка», «Кацярынка». Можна будзе пазнаёміцца са спеўнай манерай гуртоў, творчасць якіх прызнаная культурнай каштоўнасцю Беларусі, пакаштаваць стравы мясцовай кухні, канечне ж, развучыць мясцовыя танцы. Баўленне часу з  прадстаўніцамі гуртоў надоўга пакіне ў душы цеплыню ад шчырай радасці гасцям.

 Чаканымі гасцямі фэсту стануць таксама гурт «Набіліцы» з в. Баранава Старадарожскага раёна і Зінаіда Крупская з Вілейшчыны.Такім чынам, будзе магчымасць параўнаць танцавальныя манеры Любаншчыны, Старадарожчыны, Вілейшчыны.

А ўдзельнікі танцавальнай суполкі «Гуда», клуба аматараў народнага танца «Сіта» і  капэлы «На таку» падчас вечаровых танцаў створаць атмасферу для замацавання атрыманых удзень ведаў.

Завершыцца фэст удзелам у свяце Пятрок, якое традыцыйна адзначаецца ў в. Шыпілавічы 12 ліпеня. Свята цесна звязана з традыцыяй беларускіх гасцявых кірмашоў, таму малебен і канцэрт пакрысе пяройдуць у «кірмашаванне» (наведванне знаёмых у вёсцы) і завершыцца вечарам карагодамі па вёсцы, пятроўскім абрадам, кумленнем праз вогнішча, спевамі ды танцамі.

Арганізатары спадзяюцца, што людзі самага рознага ўзросту і сфер інтарэсаў змогуць адкрыць, пабачыць і пачуць шмат цікавага і невядомага ім раней, а таксама што ім перадасца тая любоў і павага, з якой на Любаншчыне ставяцца да традыцыйнай культуры.

Чакаем усіх!

Сачыце за абвесткамі:

http://vk.com/piatrovica

https://www.facebook.com/events/472622839571474/

Папярэдняя рэгістрацыя абавязковая!

Каб зарэгістравацца ці ўдакладніць дэталі, тэлефануйце, калі ласка: 8-029 742-15-10,  Ганна.

Альбо лістуйце на annaluban89@gmail.com

Мнения

Вверх