У Крычаве збіраюцца закласці Ратушны сквер часоў магдэбургскага права

У Крычаве збіраюцца закласці Ратушны сквер часоў магдэбургскага права

Цяпер непрыкметную пляцоўку, на якой разрасліся таполі, засланяюць царква Уваскрасення Хрыстовага і ваенкамат. Насупраць царквы — помнік Леніну.


Плошча, дзе магчыма, стаяла ратуша

Начальнік аддзела ідэалагічнай працы, культуры і па справах моладзі Крычаўскага райвыканкама Вадзім Рыськоў, апавядаючы пра ідэю закласці Ратушны сквер, згадаў круглы стол, за якім прадстаўнікі ўлады, грамадскасці райцэнтра, а таксама гісторыкі з Магілёва абмяркоўвалі адраджэнне гістарычнага аблічча горада. Суразмоўца нагадаў, што сёлета Крычаў адзначыць 880-годдзе.

«На згаданым круглым стале прагучалі прапановы ўвекавечыць гістарычны перыяд нашага горада, звязаны з магдэбургскім правам. Яго наш горад меў, і някепска ў той час развіваўся», — кажа Вадзім Рыськоў.

Магдэбургскае права Крычаў атрымаў у 1633 годзе. Пасля прыходу расіян царыца Кацярына ІІ падарыла ў 1776 годзе Крычаўшчыну свайму фаварыту Рыгору Пацёмкіну. Ён скасаваў магдэбургскае самакіраванне ў Крычаве, а мяшчан зрабіў прыгоннымі.

«Стварэнне Ратушнага сквера сталася б адраджэннем гістарычнай рэчаіснасці. Я высвятляў, і, па-мойму, сквера ці парка з такой назвай у Беларусі няма, — заўважае дзяржаўны службовец. — На месцы, прапанаваным для сквера, у XVII-XVIII стагоддзях стаялі, як сведчаць дакументы, ратуша і будынкі гарадскога магістрату. Гэтая мясціна цяпер дагледжаная: там растуць таполі. Але калі б там закласці парк, то ён пацягнуў бы за сабой развіццё як унутранага, так і знешняга турызму».

На думку суразмоўцы, Ратушны сквер стаўся б адметнасцю Крычава. Разам з ужо вядомым палацам Пацёмкіна Ратушны сквер, кажа чыноўнік, дапамог бы развіць турыстычны патэнцыял горада.

Палац Пацёмкіна

«Мне думаецца, можа, я і памыляюся, акцэнт больш варта ставіць на турыстаў з краін Балтыі. Расійскія турысты, безумоўна, для нас цікавыя, але Ратушны сквер і мясціны, звязаныя з традыцыямі магдэбургскага права, будуць для іх не дужа цікавымі. У іхняй жа гісторыі не было, па сутнасці, магдэбургскага права. А вось для турыстаў з Еўропы гэта было б цікава», — дадае Вадзім Рыськоў.

«Пагатоў, апошнім часам Еўропа да нас пачала ставіцца больш прыязна. Санкцыі знялі з нас. Мы часцей сталі ўдзельнічаць у розных міжнародных імпрэзах і сустрэчах. Гэта ж выдатна. Сваімі інавацыямі мы таксама маглі б прыцягнуць турыстаў, паўтаруся, з тых жа краін Балтыі. Ажывіўся б турыстычны абмен між нашымі краінамі і гарадамі», — кажа начальнік аддзела.

Увесь комплекс прац на Ратушны сквер вымагае прыкладна паўтара мільярда рублёў. Паводле слоў Вадзіма Рыськова, райвыканкам шукае спонсараў.

Пра аднаўленне самой ратушы гаворкі пакуль няма. Аднак начальнік аддзела ідэалагічнай працы лічыць, што такі праект быў бы для Крычава выдатным падарункам.

«Пра гэта я пакуль толькі мару, але ратуша была ж у Крычаве. Гэта гістарычны факт, а не выдумка, — кажа дзяржаўны службовец. — Але пакуль што мы шукаем мецэнатаў для нашых праектаў. Знайсці іх цяпер няпроста».

Паводле Вадзіма Рыськова, праект Ратушнага сквера яшчэ ў накідах. Плануецца, што цэнтральнае месца ў скверы зойме помнік з гарадскім гербам і памятнымі датамі гісторыі Крычава.

На думку знаўцаў мясцовай гісторыі, пра тое, дзе ў Крычаве была ратуша, пэўных звестак няма. Крычаўскія архівы ў свой час былі вывезены ў Маскву. Там яны захоўваюцца дагэтуль. У тых дакументах, спадзяюцца краязнаўцы, ёсць звесткі і пра месца, дзе стаяў будынак ратушы.

Круглы стол, пра які згадаў Вадзім Рыськоў, адбыўся ў Крычаве летась 21 лістапада з ініцыятывы абласной арганізацыі Таварыства беларускай мовы. Гэта была адна з шэрагу сустрэч, наладжаных грамадскімі актывістамі і гісторыкамі на тэму «Магдэбургскія традыцыі на Магілёўшчыне». За круглымі сталамі папулярызацыю традыцый магдэбургскай гісторыі абмяркоўвалі ў гарадах рэгіёна, якія мелі еўрапейскае самакіраванне. Сярод іх Шклоў, Мсціслаў, Чавусы, Чэрыкаў, Бялынічы, Крычаў, Горкі, Бабруйск.

Арганізатары круглых сталоў кажуць, што з пункту гледжання магдэбургскай гісторыі Горкі і Бабруйск застаюцца амаль недаследаванымі. Горкі шмат для каго асацыююцца найперш з сельгасакадэміяй, а Бабруйск — з крэпасцю, падчас пабудовы якой быў знішчаны гістарычны цэнтр горада.

naviny.by

Мнения

Вверх