У Мірскім замку – новая экскурсія з элементамі дэгустацыі «У госці да Пане Каханку»

У Мірскім замку – новая экскурсія з элементамі дэгустацыі «У госці да Пане Каханку»

Патрапіўшы ў Мірскі замак, удзельнікі самі стануць героямі тэатралізаванага прадстаўлення. Пасля экскурсіі па рэканструяваных памяшканнях падвалу, турыстаў чакае дэгустацыя напояў і страў нацыянальнай беларускай кухні ў памяшканні рэстарана «Княжацкі двор». Як сцвярджаюць стваральнікі праекта, ад гасцей чакаюць праяўлення актыўнасці ў час правядзення інтэрактыўнай часткі экскурсіі. Несумненна, асноўная мэта экскурсіі – даць уяўленне пра традыцыйныя беларускія стравы і напоі, пазнаёміць турыстаў з асаблівасцямі традыцыйнай беларускай кухні.

Падчас незвычайнай экскурсіі галоўны лоўчы, пан Мацей, раскажа гасцям пра паляванне, а цыганскі кароль Ян Марцінкевіч парадуе ўсіх танцамі. Не менш цікавай будзе сустрэча з сястрой князя – княгіняй Тэафіліяй Канстанцыяй, якая паведаміць удзельнікам, як можна размаўляць пры дапамозе веера. Асаблівая ўвага ў ходзе падрыхтоўкі экскурсіі надавалася, вядома ж, меню. Госці князя змогуць пакаштаваць паштэт з мяса лася і каўбасу з дзічыны, паспрабаваць крамбамбулю і медавуху… І гэта яшчэ не ўсе далікатэсы!

Як адзначылі кіраўнікі праекта, экскурсія з элементамі дэгустацыі – абсалютна новы турыстычны прадукт для музея. Гэта яшчэ адзін эфектыўны інструмент для прыцягнення як беларускіх, так і замежных турыстаў; яшчэ адзін спосаб прадэманстраваць багацце нацыянальнай беларускай кухні, яе каларыт і самабытнасць.

 

Мнения

Вверх