У Магілёве адкрыліся курсы беларускамоўных экскурсаводаў

У Магілёве адкрыліся курсы беларускамоўных экскурсаводаў

З ініцыятывай праводзіць курсы экскурсаводаў выступілі сябры суполкі і вучні старэйшых клясаў з мясцовых школ. Яны ўдзельнічалі ў некалькіх вандроўках з беларускамоўным гідам па горадзе і самі загарэліся жаданнем стаць экскурсаводамі.

«Мая асабістая мара – падрыхтаваць яшчэ хоць аднаго беларускамоўнага экскурсавода. Што да моладзі, дык калі з іх не выйдзе экскурсаводаў, дык яны хоць больш даведаюцца пра Магілёў», — кажа Алег Дзьячкоў.

«Тутэйшыя экскурсіі праводзяцца маімі калегамі толькі на рускай мове, — зазначае ён. — Беларускамоўныя экскурсіі не запатрабаваныя. Калі няма замоў на беларускамоўныя экскурсіі, то іх і няма наогул».

Алег Дзьячкоў заўважае: каб праводзіць экскурсіі на беларускай мове, недастаткова ёю валодаць. Трэба яшчэ ствараць вакол сябе асяроддзе тых, хто цікавіцца гісторыяй і хоча, каб пра яе апавядалі па-беларуску.

«Я імкнуся ствараць такія групы. За восем гадоў у мяне ёсць свая кліентура, якая замаўляе экскурсіі на беларускай мове. Напрыклад, ёсць група байкераў, якія хочуць чуць аповеды пра гарады на беларускай мове. Я ім два гады таму правёў беларускамоўную экскурсію, і цяпер яны замаўляюць яе рэгулярна».

«Галоўнае ў працы экскурсавода — гэта любоў да Радзімы і ўменне перадаць яе іншым людзям», — выказваецца адна з наведвальніц курсаў экскурсаводаў.

«Я ўжо на пенсіі і гісторыю вывучала яшчэ ў савецкія часы. Нядаўна на курсах даведалася, што Беларусь не была пад прыгнётам мангола-татараў. Гэта было для мяне адкрыццём», — прызнаецца суразмоўніца і дадае:

«Мы ўсе ведаем, напрыклад, пра французскіх мушкецёраў, а я нядаўна гасцявала ў Дзятлава, а там жа Канстанцін Астрожскі ўзвёў замак ды царкву. Пра яго ў Дзятлаве мала хто ведае. А ён жа таксама быў рыцарам. Мы больш ведаем пра расійскіх цароў, чым пра сваіх князёў».

Яшчэ адна наведвальніца курсаў прызнаецца: яе мара — расказаць беларусам пра багатую гісторыю іхняй краіны.

«Я вывучала савецкую гісторыю, у якой мала месца адводзілася гісторыі Беларусі. Беларусам навязвалася ў савецкі час гісторыя імперскай Расіі. Таму мне хочацца паболей ведаць пра гісторыю Беларусі і расказваць іншым пра яе. На жаль, людзі сталага веку дагэтуль не ведаюць гісторыі нашай краіны, і гэта дужа прыкра», — зазначае экскурсавод-пачаткоўка.

Курсы экскурсаводаў суполка ТБМ ладзіць раз на тыдзень на магілёўскім замчышчы. Пасля месячнага перапынку на адноўленыя заняткі прыйшлі трое ахвотніц стаць гідамі. Жанчыны сталага веку апавядалі пра магілёўскі замак і тых, хто яго наведваў.
Nn.by

Мнения

Вверх