В 2014 году количество туристов в Аджарии выросло на 10,4%, а белорусских - на 35,7%

В 2014 году количество туристов в Аджарии выросло на 10,4%, а белорусских - на 35,7%

У 1569 годзе ў Любліне адбылася знакавая для гісторыі Беларусі і Польшчы падзея: 1 ліпеня быў прыняты акт Люблінскай уніі, адпаведна якой Вялікае княства Літоўскае, у якое тады ўваходзілі беларускія і ўкраінскія землі, і Каралеўства Польскае аб’ядналіся ў Рэч Паспалітую – дзяржаву абодвух народаў. Такое рашэнне далася няпроста: Люблінскі сойм, які ўхваліў 1 ліпеня акт Люблінскай уніі, пачаўся 10 студзеня і доўжыўся, такім чынам, амаль паўгода. Кожны з бакоў ставіў свае ўмовы і не хацеў саступаць іншаму. У выніку сышліся на тым, што для Кароны і ВКЛ будуць агульныя Сойм, манарх, знешняя палітыка. Княства захавала свой стары адміністрацыйны апарат, заканадаўства, судовую арганізацыю, пячатку і войска.

Адразу пасля прыняцця акту уніі ў ВКЛ узмацніліся антыпольскія настроі, пачалося так званае Вялікакняжацкае адраджэнне, самым моцным усплёскам якога стала прыняцце Статута (зводу законаў) у 1588 г. Статут ВКЛ скасоўваў некаторыя пастановы Люблінскай уніі, у тым ліку дазвол польскай шляхце набываць землі і дзяржаўныя пасады на тэрыторыі Княства. У такой федэрацыі палякі і беларусы пражылі разам больш за 200 гадоў, да падзелаў Рэчы Паспалітай між Расіяй, Аўстрыяй і Прусіяй у канцы ХVІІІ стагоддзя. Статут жа дзейнічаў на тэрыторыі Беларусі нават пасля падзелаў Рэчы Паспалітай, аж да 1840 г.

Уніі ў сучасным Любліне прысвечаны турыстычны маршрут. Ён вядзе ад замка да Літоўскай плошчы, на якой стаіць і помнік Люблінскай уніі.

Помнік Люблінскай уніі

На пастаменце абеліску сімвалічна выяўлены Польшча і Літва (Вялікае княства Літоўскае). Польшчу сімвалізуе кабета ў рымскай тозе і каралеўскай кароне, з гербам з арлом ля ног. Літва – у грэцкім хітоне, з княжацкай мітрай на галаве і з гербам «Пагоня».

Уваход у Стары горад з боку Кракаўскай брамы

Від на Кракаўскаю браму са старога горада

У Любліне добра захаваўся Стары горад. Блукаць яго вузкімі вулачкамі – чыстая асалода. Тут чамусьці мала турыстаў, і суадносна няма талчэі і стракатага вынаснога гандлю, як у іншых еўрапейскіх гарадах з гістарычным цэнтрам. Знаёмая жыхарка Любліна ўзростам каля 30 гадоў распавядала, што стала заўважаць турыстаў у горадзе, ужо наведваючы старэйшыя класы школы. «Нехта фатаграфаваўся ля Кракаўскай брамы. Я падумала, чаго гэта раптам?» – кажа Агнешка.

Радуе, што горад жывы: вулічныя музыкі, мімы.

У Старым горадзе адразу звяртаеш ўвагу на распісныя фасады дамоў: гэта асаблівасць архітэктуры Любліна.

Ужо сучасныя роспісы – «муралі» – можна пабачыць у больш новых раёнах горада. Але яны не менш цікавыя.

Люблінскі замак

Замак у яго сучасным выглядзе быў перабудаваны расейцамі ў 1820 г. з руін замка Ягелонаў, знішчанага падчас вайны са шведамі (т. зв. «Патопу»). На тэрыторыі замка захавалася капліца Святой Троіцы з фрэскамі ў візантыйскім стылі з 1418 г. Зараз у замку месціцца музей. Сярод самых цікавых экспанатаў – карціна Яна Матэйкі «Люблінская унія», калекцыя прадметаў традыцыйнага сялянскага побыту (кераміка, касцюм і інш.) з тэрыторыі Люблінскага ваяводства і нават… стол са следам ад лапы чорта. Але пра легенды Любліна – у наступных матэрыялах гэтай серыі.

Акрамя таго, у Любліне цікавыя помнікі прамысловай архітэктуры, аглядаць якія ў нас неяк не прынята – сваіх прамысловых парэштак у цэнтральнай частцы гарадоў хапае.

Люблінская іешыва (габрэйская духоўная навучальная ўстанова)

Клапоцяцца тут і пра габрэйскую спадчыну, хаця пасля Другой сусветнай вайны ў горадзе практычна не засталося габрэяў. Падавалася б, нашто? У палякаў ёсць адказ на такое пытанне – таму што габрэйскія помнікі з’яўляюцца часткай агульнай польска-габрэйскай гісторыі. Таму даглядаюцца габрэйскія могілкі, створаны асяродак «Брама Гродзка – тэатр NN», што займаецца вывучэннем і дэманстрацыяй гісторыі люблінскіх габрэяў. Ніхто не чапае калодзеж, да якога габрэі хадзілі па ваду. Даўно не дзейсны, стаіць сабе на адной з платформ аўтавакзала. Тут жа, ля аўтавакзала, па старой габрэйскай традыцыі – кірмашы. Адкрытыя, не барахолка, але такія сабе развалы. У абласных гарадах Беларусі такія былі ў 90-х – пачатку 2000-х гг. Дзе-нідзе ў райцэнтрах захаваліся і цяпер. Вузкія праходы, ніякіх табе прымерачных, абутак побач з адзеннем і бялізнай. Прадукты, праўда, асобна. І ўсё танна. Прынамсі, танней, чым у беларускіх крамах. Як такое магчыма ў краіне з еўрапейскімі заробкамі – не ведаю.

Вуліцы Старога горада падчас Ягелонскага кірмашу традыцыйных рамёстваў

Можна ехаць у Люблін проста пагуляць, але прымяркаваць паездку да якой-небудзь культурнай падзеі значна цікавей. У горадзе праходзіць кірмаш традыцыйных рамёстваў у жніўні, фальклорныя фестывалі ў маі, ліпені, кастрычніку і снежні, фестывалі сучаснай музыкі розных накірункаў ледзь не штомесяц, кіна- і тэатральныя фестывалі, кулінарны фэст у верасні, з’езд аматараў фантастыкі (фільмаў, літаратуры, мастацтва і гульняў гэтага накірунку) у лістападзе.

Начны канцэрт на Фарнай плошчы

Ехаць да Любліна з Мінска зручна праз Брэст: начны цягнік, раніцой а 8.00 аўтобус Брэст – Люблін, каштуе 180 000. Можна выязджаць з Мінска ранішнім цягніком і арыентавацца на аўтобус а 14.50. Ідзе 4 гадзіны, можа прыехаць і раней за час, пазначаны ў раскладзе, калі пашанцуе на мяжы. Назад з Любліна можна з'ехаць на Брэст а 6.00 ці а 16.00 (з пераходам на зімовы час, пасля 26 кастрычніка, а 5.00 і а 15.00). Ходзяць аўтобусы не штодня, удакладняйце расклад.

Я абіраю для жытла заўжды самы танны варыянт – дорм (агульную спальню) у хостэле. У некаторых хостэлах сустракаюцца асобныя жаночыя і мужчынскія дормы, але часцей усё ж вандроўнікі абодвух полаў спяць у адным пакоі. Звычайна ў дорме 6–8 месцаў, але бывае і па 10. Маленькі хітрык: калі вы вандруеце ў будні дзень, то можаце апынуцца ў дорме адны. За некалькі вандровак у Люблін давялося пажыць у розных хостэлах, таму магу правесці іх маленькі суб'ектыўны агляд.

Першы – хостэл з «арыгінальнай» назвай Lublin. Затое ў інтэрнэт-пошуку добра ідэнтыфікуецца, кліентаў процьма, без папярэдняга бранавання трапіць практычна немагчыма. Знаходзіцца па адрасе: Lubartowska 60. Знайсці яго лёгка, з вуліцы бачна шыльду. Гэта недалёка ад аўтобуснага вакзала і Старога горада. У хостэле вельмі ўтульна, атмасфера ў агульным пакоі (там жа рэсэпшн) нейкая хатняя. Вай-фай працуе добра. Кошт месца ў дорме стандартны – 40 злотых (каля 130 000).

Трынітарская вежа ў Старым горадзе

У хостэл Orla мы з сяброўкай трапілі ўзімку. Адрас: Orla 6. Знайсці складана, шыльда нейкая незаўважная. Недалёка ад Старога горада, блізка вуліца Кракаўскае прадмесце са шматлікімі крамамі, вялікія гандлёвыя цэнтры Centrum і Lublin Plaza. У дорме было халодна, нават усе разам не надыхалі. Абагравальніка ў першую ноч нам не далі, на другую, праўда, прынеслі. Вай-фай лавіўся толькі на рэсэпшне ў няўтульным калідоры. Кошт месца ў дорме – тыя ж 40 злотых.

Аднойчы, прыехаўшы ў Люблін позна ўвечары і не маючы папярэдняй рэзервацыі хостэла, я вырашыла далёка не хадзіць і спыніцца на ноч у пакоях уласна на аўтобусным вакзале (Aleje Tysi?clecia 6). Праз інтэрнэт-пошук яны не знаходзяцца, таму я была прыемна ўражаная коштам: 50 злотых (каля 160 000) за індывідуальны пакойчык. Вельмі маленькі, змяшчаецца толькі канапа, стул і столік. Тэлевізар яшчэ ёсць. Душ агульны. Але гэта асобны пакой практычна па кошце месца ў дорме. Пад вокнамі, праўда, шумная дарога і п'яныя спрэчкі. Затое, калі з'язджаць ранішнім аўтобусам на Брэст – самае тое.

Мнения

Вверх