«Заходнебеларуская Атлантыда» Ігара Мельнікава вяртаецца

«Заходнебеларуская Атлантыда» Ігара Мельнікава вяртаецца

Новая кніга з’яўляецца лагічным працягам двух папярэдніх прац аўтара «Заходнебеларуская Атлантыда 1921–1941 гг.» (2014 г.) і «Мяжа ля Заслаўя 1921–1941 гг.» (2015 г). Гісторыя заходніх абласцей нашай краіны ў міжваеннае дваццацігоддзе сёння выклікае вялікую цікавасць у беларускага грамадства.

Першы раздзел новай кнігі прысвечаны міжваеннаму дваццацігоддзю. Аўтар адмыслова не «разбіваў» яго на асобныя падраздзелы пра заходнюю і ўсходнюю часкі нашай рэспублікі. Беларусь — цэласная краіна, хоць у 1920–1930-я гады дзве яе часткі знаходзіліся ў складзе розных дзяржаў. Барацьба выведак у міжваеннай Заходняй Беларусі, развіццё Праваслаўнай царквы ў гэтым рэгіёне, дзейнасць польскай чыгункі ва ўсходніх ваяводствах Другой Рэчы Паспалітай, падрыхтоўка гэтых тэрыторый да магчымай вайны, а таксама развіццё архітэктуры ў Савецкай Беларусі, гісторыя сталінскіх рэпрэсій супраць жыхароў БССР у канцы 1930-х гадоў, трагедыя чэрвеня 1941 года — вось толькі некаторыя тэмы, пра якія ідзе гутарка ў гэтым раздзеле.

Асобная частка выдання прысвечана гісторыі ўдзелу беларусаў у барацьбе з нацызмам у складзе Арміі Андэрса. Гэтая тэма, нягледзячы на з’яўленне шэрагу акадэмічных даследаванняў, да сённяшняга дня застаецца малавядомай для нашага грамадства. Між тым беларускія жаўнеры 2-га польскага корпуса пад камандаваннем генерала Уладзіслава Андэрса праявілі мужнасць у барацьбе з нацызмам, за што іх шануюць у шматлікіх краінах Еўропы. А вось на Радзіме імёны і подзвіг гэтых герояў Другой сусветнай вайны забылі.

Вялікую цікавасць для вывучэння гісторыі Беларусі першай паловы ХХ стагоддзя ўяўляюць айчынныя і замежныя перыядычныя выданні. Пра што пісалі польскія газеты ў Заходняй Беларусі напярэдадні пачатку Другой сусветнай вайны, ці як апісваў падзеі 17 верасня 1939 года савецкі часопіс «Памежнік»? Пра гэта і шмат іншае распавядаецца ў асобным раздзеле кнігі. Перадапошні раздзел выдання распавядзе чытачам пра малавядомыя старонкі гісторыі Другой сусветнай вайны, а апошні раздзел прысвечаны некаторым гістарычным сюжэтам з мінуўшчыны нашай краіны.

Значным плюсам выдання з’яўляецца тое, што ў працы над ім выкарыстаны цікавыя і малавядомыя матэрыялы з архіваў розных краін, а таксама прыватнага збору аўтара. Кніга праілюстравана ўнікальнымі здымкамі, большасць з якіх публікуецца ўпершыню.

Падчас прэзентацыі Ігар Мельнікаў прадэманструе цікавыя здымкі і артэфакты са сваёй багатай калекцыі, а таксама распавядзе пра тое, як ішла праца над новым выданнем.

Прэзентацыя кнігі «Заходнебеларуская Атлантыда 1921–1941 гг. Паміж Варшавай і Масквой» адбудзецца 7 кастрычніка ў 18.00 у будынку Беларускага таварыства сяброўства і культурнай сувязі з замежнымі краінамі (Мінск, вул. Захарава, 28).

Мнения

Вверх