Музеи

У Мірскім замку - выстава «Беларусь у Паўночных войнах»

21 красавіка ў Мірскім замку адбылося ўрачыстае адкрыццё міжнароднай выставы «Ultima ratio regum. Беларусь у Паўночных войнах сярэдзіны XVII – пачатку XVIII ст.»

Адна з галоўных задач сумеснага міжнароднага праекта музея «Замкавы комплекс «Мір» і трох буйных музеяў (Беларусі – Нацыянальны гістарычны музей Рэспублікі Беларусь, Літвы – Рэгіянальны музей Біржайскага краю «Сэла», Швецыі – Музей Арміі) – распавесці шырокай беларускай аўдыторыі не толькі класічную гісторыю Паўночных войнаў, а перадусім гісторыю людзей, грамадстваў, тагачасных супольнасцяў, дзяржаў, ваенных інстытутаў, ваеннай культуры і тэхналогій, іх цесную ўзаемасувязь і ўзаемаўплыў.

На цырымоніі адкрыцця прысутнічалі Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол Каралеўства Швецыя ў Рэспубліцы Беларусь Марцін Оберг, а таксама выконваючы абавязкі дырэктара Музея Арміі (Стакгольм) Карл Зармэн і загадчык аддзела камунікацыі музея Біржайскага краю «Сэла» Лінэ Кунцыце. Дырэктар музея «Замкавы комплекс «Мір» Аляксандр Часлававіч Лойка і дырэктар Нацыянальнага гістарычнага музея Рэспублікі Беларусь Алег Гар’евіч Рыжкоў адзначылі важнасць і значнасць дадзенага сумеснага праекта для беларускіх музеяў. Куратарамі выставы сталі магістр гісторыі Кірыл Карлюк  і кандыдат гістарычных навук, навуковы супрацоўнік ДНУ «Інстытут гісторыі Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі» Мікалай Волкаў.

Работа над маштабнай выставай доўжылася два гады. Немалую ролю ў увасабленні ідэі праекта ў рэальнасць сыграў міжнародны праект MOST і Інстытут імя Гётэ, і вось нарэшце ў беларускага гледача ўпершыню з'явілася магчымасць азнаёміцца з унікальнымі экспанатамі.

Цэнтральнае месца на выставе займаюць ваенныя трафеі, у прыватнасці харугвы, якія былі прывезены з Музея Арміі (Стакгольм). Асабліва хацелася б адзначыць чатырохметровую харугву гетмана Крыштафа Радзівіла з выявай княжаскага герба. На выставе таксама прадстаўлены казацкі сцяг з захапляльнай і незвычайнай гісторыяй. Гэты трафей польны гетман Вялікага княства Літоўскага Януш Радзівіл здабыў у выніку перамогі над казакамі ў XVII ст. У 1652 г. падчас сойму ў Варшаве сцяг быў паднесены на ўрачыстай цырымоніі каралю Яну ІІ Казіміру. З гэтага часу пачалося незвычайнае падарожжа казацкіх трафеяў Я. Радзівіла, якім наканавана было ўрэшце трапіць у зборы Музея Арміі ў Стакгольме.

Асобны блок у экспазіцыі прысвечаны агняпальнай і халоднай зброі. Адным з найбольш эфектыўных варыянтаў стрэльбаў позняга Сярэднявечча сталі т. зв. гакаўніцы. Пры стральбе яны ўскладваліся на падстаўку ці край сцяны і былі забяспечаны спецыяльным гакам, ці крукам у пярэдняй частцы ствала, каб чапляць іх за апору для кампенсацыі вялікай аддачы пры стральбе. На выставе таксама дэманструецца галандскі мушкет з кнотавым замком 1670-х гадоў. Гэты экзэмпляр добра ілюструе практыку забеспячэння зброяй армій краін Паўночна-Усходняй Еўропы ў час Паўночных войнаў. Большасць краін, у тым ліку Рэч Паспалітая і Расія, закуплялі яе ў буйных вытворчых цэнтрах Заходняй Еўропы і перадусім у Нідэрландах. І толькі Швецыя з 1620-х гадоў мела ўласную буйную вытворчасць агняпальнай зброі. У экспазіцыі прадстаўлены дзве стрэльбы і адзін пісталет, якімі карысталіся шведскія і расійскія жаўнеры. Шведскі карабін і пісталет узору 1704 г. прызначаліся для кавалерыі, а фузея (стрэльба з крамянёвым замком і багінетам) з’яўлялася тыповай зброяй расійскіх пехацінцаў. Акрамя таго, на выставе можна пабачыць шлемы, кірасы і набедранікі для пікенёраў. У экспазіцыі змешчана некалькі прыкладаў халоднай зброі, якая выкарыстоўвалася вершнікамі. Гэта шпага і два палашы XVI–XVII стст. 

Развіццё артылерыі і фартыфікацыі патрабавала дасведчаных спецыялістаў. Гэта стымулявала пашырэнне адукацыі, а таксама павелічэнне інтарэсу да прыродазнаўчых навук (матэматыкі, фізікі). Характэрным для эпохі ранняга Новага часу сталі кнігі, прысвечаныя артылерыі і фартыфікацыі. Адной з найбольш папулярных у Еўропе была праца нашага земляка Казіміра Семяновіча, выдадзеная на лацінскай мове ў 1650 г. у Амстэрдаме. На выставе прадстаўлена адно з перавыданняў гэтай кнігі 1676 г. у перакладзе на нямецкую мову.

Выстава будзе доўжыцца па 24 верасня.