У выдавецтве «Беларусь» выйшаў альбом Віктара Корбута і Дзмітрыя Ласько «Мінск. Спадчына старога горада. 1067—1917.

Гэта першае выданне, дзе сабраны здымкі ўсіх помнікаў архітэктуры, пабудаваных у Мінску да 1917 года, якія ацалелі да нашых дзён.

3.jpg

Больш за 400 старонак кнігі склалі каля 1500 выяў амаль 200 будынкаў гістарычнага цэнтра Мінска і іншых матэрыяльных каштоўнасцей, звязаных са старажытнымі раёнамі – Замчышчам, Траецкай гарой, Высокім Рынкам ды іншымі кварталамі.

Аздабленне кнігі выканала вядомы мастак-афарміцель Алена Жданоўская.

Альбом «Мінск. Спадчына старога горада. 1067—1917» — першае выданне, якое прысвечана 950-годдзю галоўнага горада Беларусі, што будзе адзначацца ў 2017-м, і стагоддзю абвяшчэння Мінска сталіцай Беларусі, якое прыпадае на 2018-ы.

Гартаючы альбом, вы адкрыеце для сябе незвычайны горад, які папярэднічаў сучаснай сталіцы, — стары Менеск, Менск.

У кнізе апрача здымкаў помнікаў дойлідства змешчаны археалагічныя прадметы XI—XVIII стагоддзяў, што прадставілі Вучэбная лабараторыя музейнай справы гістарычнага факультэта Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта, Інстытут гісторыі Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, Музей гісторыі горада Мінска, Нацыянальны гістарычны архіў Беларусі, Нацыянальны гістарычны музей Рэспублікі Беларусь, Нацыянальны мастацкі музей Рэспублікі Беларусь.

Альбом Віктара Корбута і Дзмітрыя Ласько — першае ў краіне выданне, дзе выкарыстаны QR-коды. Да штрыхкода трэба паднесці камеру смартфона або планшэта — і мабільная прылада адлюструе на экране 3D-панарамы чатырох храмаў Мінска: сабора Святых Пятра і Паўла, Свята-Духава кафедральнага сабора (былога касцёла Нараджэння Найсвяцейшай Панны Марыі), архікафедральнага касцёла Імя Найсвяцейшай Панны Марыі ды касцёла Святых Сымона і Алены.

Альбом «Мінск. Спадчына старога горада. 1067—1917» адкрывае шырокую панараму гісторыка-культурнай спадчыны сталіцы Беларусі.

Мінск — горад старажытны і багаты на шэдэўры. Пераканайцеся ў гэтым самі: альбом прадаецца ў кнігарнях і кіёсках «Белсаюздруку» ўсяго за 21 руб.

Уладзімір Арлоў, пісьменнік, аўтар папулярных кніг па гісторыі Беларусі:

— Ёсць такі афарызм: «Чалавек павінен ведаць што-небудзь пра ўсё і ўсё пра што-небудзь. Я, нарадзіўшыся ў Полацку, імкнуся ведаць усё пра мой родны горад, якому прысвечаны многія мае кнігі.

На вялікае шчасце для мінчан, у нашым горадзе таксама ёсць даследчыкі, якія імкнуцца ведаць усё пра Менск, Мінск і дзяліцца сваімі ведамі з гараджанамі.

Апошнім часам у ліку даследчыкаў гісторыі Мінска важка гучаць галасы гісторыка і журналіста Віктара Корбута і фатографа Дзмітрыя Ласько.

У мяне ў руках вельмі грунтоўнае сведчанне захаплення гэтых людзей гісторыяй нашай сталіцы. Кніга, якая называецца «Мінск. Спадчына старога горада», яшчэ цудоўна пахне друкарскай фарбай. Закладак у гэтай кніжцы хутка будзе столькі, колькі іголак у вожыка.

Кніга пачынаецца з грунтоўнага гістарычнага нарысу пра наш старажытны Менск. Нарыс гэты заснаваны найперш на археалагічных і летапісных звестках і апавядае пра ўжо амаль тысячагадовую гісторыю сталіцы Беларусі. Я думаю, гэты нарыс вельмі актуальны сёлета, калі мы будзем адзначаць 950-годдзе першай згадкі ў летапісе пра Менск.

Пасля гістарычнага нарысу пачынаецца захапляльнае падарожжа па вуліцах, завулках нашага горада. Тут 200 гістарычных адрасоў, больш за паўтары тысячы здымкаў. У кнізе наступныя раздзелы, назвы якіх кажуць самі за сябе: «Замчышча», «Высокі Рынак», «Храмы, манастыры, кляштары», «Сядзібы і палацы», «Забудова ХІХ — пачатку ХХ стагоддзя». Гэта не толькі фотаздымкі, але і маленькія гістарычныя эсэ пра кожны старажытны будынак нашай сталіцы.

Я перагортваю кніжку з закладкамі «Былая сядзіба Ваньковічаў», «Былая сядзіба Прушынскіх і Любанскіх у Лошыцы», «Мячэць», «Касцёл Узвышэння Святога Крыжа на Кальварыі»…

Асабліва важнымі для мяне сёлета будуць закладкі, зробленыя на тых старонках, дзе апавядаецца пра будынкі, звязаныя з абвяшчэннем Беларускай Народнай Рэспублікі. У 2017-м мы будзем адзначаць 100-годдзе Усебеларускага з’езда, які адбываўся ў снежні 1917 года ў будынку цяперашняга тэатра імя Янкі Купалы. Аўтары кнігі апавядаюць пра гэтую неверагодна важную для нашай гісторыі падзею. У кнізе, безумоўна, ёсць аповед і пра абвяшчэнне незалежнасці Беларускай Народнай Рэспублікі, якое адбылося на сучаснай вуліцы Валадарскага, у доме нумар 9. Цытуецца Устаўная грамата, абвешчаная ў той дзень, 25 сакавіка 1918 года.

У сваім нататніку, грунтуючыся на кнізе Віктара Корбута і Дзмітрыя Ласько, я склаў для сябе першыя пяць маршрутаў, вандруючы па якіх, буду адкрываць яшчэ не знаёмыя мне куткі і таямніцы Мінска».

Анатоль Варава, экскурсавод кампаніі «Віяполь»:

— Энцыклапедычная па аб’ёме зместу і скарыстаных гістарычных крыніц, да таго ж шыкоўна паліграфічна выдадзеная дзякуючы таленту Алены Жданоўскай, кніга Віктара Корбута і Дзмітрыя Ласько — сапраўдны вельмі дарагі і доўгачаканы падарунак і тым, хто цікавіцца мінулым горада, і самому гораду, што святкуе сёлета сваё 950-годдзе!

Сярод беларускіх гарадоў Мінску, як сталіцы Беларусі з 1918 года, прысвечана незлічона навуковых прац, ілюстраваных выданняў, турыстычных даведнікаў, буклетаў, паштовак і г. д. Перад аўтарамі стаяла зусім няпростая задача — сказаць сваё слова пра Менеск-Менск-Мінск; не згубіцца ў гамане прафесійных гісторыкаў, археолагаў, архіўных «кратоў», складальнікаў легенд і быляў, мемуарыстаў, шматлікіх асоб, што былі сведкамі тых ці іншых падзей — часам лёсавызначальных для Беларусі…

У такім натоўпе лёгка заблытацца і нават патануць у супярэчлівых расповедах, доказах, здагадках і версіях. Здаецца, аўтары (і перш за ўсё гісторык і краязнаўца Віктар Корбут, бо на ім ляжаў асноўны цяжар стварэння адмысловага — дакладнага — тэксту юбілейнага выдання) прайшлі праз розныя цяжкасці і з заслужаным гонарам могуць сёння канстатаваць: кніга «Мінск. Спадчына старога горада» адбылася!

Як экскурсавод, што блукае тымі ж сцяжынкамі ў пошуках фактаў ды артэфактаў, каб праз іх прадставіць твар і лёс роднага мне горада ягоным жыхарам і гасцям, магу, не саромеючыся, засведчыць: мяне не пакідае пачуццё добрай зайздрасці пасля знаёмства з гэтай працай таленавітых людзей, што стварылі ёмісты гістарычны партрэт горада дзесяці стагоддзяў — праз яго помнікі матэрыяльнай культуры, якім яны, нібыта чарадзеі, надалі новае жыццё і дыханне…

Гэта, без перабольшання, сапраўды Падзея ў мінсказнаўстве!

2.jpg

Віктар Корбут, аўтар ідэі, тэксту кнігі «Мінск. Спадчына старога горада. 10671917»:

— Да 1917 года ў Мінску было пастаўлена шмат будынкаў у стылях барока, класіцызму, эклектыкі, мадэрну. Гэта і храмы — хрысціянскія, іудзейскія, нават мячэць, і палацы, і грамадскія будынкі, і жылыя дамы. Многія з іх ацалелі дагэтуль, нягледзячы на войны, рэвалюцыйныя падзеі. Некаторыя нядаўна адноўлены: ратуша, мячэць, царква Святога Духа (цяпер канцэртная зала «Верхні горад»). Разглядаючы ў нашым альбоме старыя і сучасныя фатаграфіі, вы зможаце пераканацца, што спадчына старажытнага Менска не знікла бясследна з вуліц, а нагадвае і сёння пра яго тысячагадовую гісторыю. Архітэктурнае багацце можна ўбачыць на свае вочы, але ў штодзённай мітусні не заўсёды на яго звяртаюць увагу нават карэнныя жыхары сталіцы. Стары горад захінуты сучаснымі гмахамі. Дзякуючы здымкам Дзмітрыя Ласько нам удалося вывесці помнікі старажытнасці з ценю сучаснай архітэктуры. Альбом, спадзяюся, стане арыенцірам у тым ліку для гарадскіх улад: каб яны ведалі, якое багацце акружае мінчан, і каб працягвалі дбаць пра яго захаванне. Дакладнасць змешчанай у альбоме інфармацыі праверылі найлепшы знаўца гісторыі «дарэвалюцыйнага» Мінска, навуковы рэдактар кнігі — галоўны архівіст Нацыянальнага гістарычнага архіва Беларуcі Уладзімір Дзянісаў і рэцэнзент — кандыдат гістарычных навук Дзяніс Лісейчыкаў, намеснік дырэктара НГАБ. Мне хочацца спадзявацца, што стэрэатыпы пра Мінск, што гэта «шэры» і нецікавы горад, «цалкам разбураны ў вайну», адыдуць у мінулае. А мы з Дзмітрыем Ласько працягваем працаваць і збіраем фотабазу і гістарычныя матэрыялы пра архітэктурную спадчыну сталіцы Беларусі 1917—2017 гадоў.