«Нашы ініцыятывы праходзяць толькі там, дзе мы не чапаем нічыіх фінансавых інтарэсаў»

«Нашы ініцыятывы праходзяць толькі там, дзе мы не чапаем нічыіх фінансавых інтарэсаў»

Відавочна, што аднаўленне страчаных архітэктурных помнікаў ідзе ў Беларусі вельмі марудна. Відавочна, што якасць аднаўленчых работ таксама не высокая. Далёка ад належнага чына ідзе рэстаўрацыя захаваўшыхся помнікаў. Але хоць і малымі крокамі, а ўсё ж ўзбагачаецца спіс ці з нуля адбудаванага, ці капітальна адрэстаўраванага. Амаль завершаныя работы па ўзнаўленню Верхняга горада і Ракаўскага прадмесця ў Мінску. У розных кутках Беларусі, на тле іншых выдзяляецца Віцебск, таксама заўважныя работы праведзеныя ў гэтым кірунку. А таксама расце колькасць дасканала выкананых прац, рэстаўрацыйных прыкладаў, за якія не сумна. Вялікая заслуга ў справе аднаўлення гістарычнай архітэктуры належыць Антону Астаповічу, кіраўніку «Беларускага дабраахвотнага таварыства аховы помнікаў гісторыі і культуры», які робіць сваю справу не з прычыны прафесійных абавязкаў, а таму што баліць. Яму і слова.

– У нашай дзейнасці ёсць і паразы, і перамогі. Вельмі станоўчы прыклад – планы па ўзнаўленні дамініканскага касцёла Тамаша Аквінскага за Палацам Рэспублікі. Ён быў, мажліва, самым прыгожым з усіх мінскіх храмаў. Улады задумалі глабальную рэканструкцыю Кастрычніцкай плошчы, плануюць будаваць падземны горад, накшталт ГЦ «Сталіца» на плошчы Незалежнасці. І мы хуценька звярнуліся да Міністэрства культуры з прапановай узнаўлення гэтага помніка архітэктуры. Мы не прапануем ўзнаўленне самаго касцёла з яго першаснымі функцыямі, гаворка ідзе толькі пра гістарычны аб’ём, а што рабіць з будынкам – будуць вырашаць улады. Звернемся па прыклад да леташняга ўзнаўлення касцёла Святога Духа на плошчы Свабоды. Будынак адбудаваны ў выглядзе, які ён меў некалькі стагоддзяў таму, але ў ім размешчана канцэртная зала дзіцячай філармоніі. Хутчэй за ўсё, улады не пойдуць на поўнае аднаўленне дамініканскага касцёла зараз, але падмуркі адкрыюць дакладна – а гэта вельмі важны першы крок. У такім стане некалькі дзясяткаў год быў і касцёл Святого Духа, былі бачныя толькі падмуркі. У мінулым годзе яго ўсё ж адбудавалі. Калі распачнуцца працы на Кастрычніцкай плошчы – не вядома, таму што пачаць планавалася яшчэ ў 2012 годзе, але нічога зроблена не было, але доўга зацягваць не будуць.

Касцёл Тамаша Аквінскага

Таксама Міністэрствам культуры былі станоўча сустрэнутыя нашыя прапановы, прысвечаныя адзначэнню ў гэтым годзе круглай даты паўстання Каліноўскага. Мы падалі прапанову на наданне месцам, звязаным з паўстаннем, статуса гісторыка-культурнай каштоўнасці. Гэта мемарыял на месцы бітвы пад Мілавідамі, магілы паўстанцаў у Плябані і ў Косава. Усе гэтыя аб’екты разгледзеныя і на дадзены момант ужо з’яўляюцца гісторыка-культурнымі каштоўнасцямі. Зараз мы рыхтуем матэрыялы на наданне статуса гісторыка-культурнай каштоўнасці сядзібе Якушоўка, у якой рос Кастусь Каліноўскі, брацкай магіле паўстанцаў каля вёскі Уладыкі, магіле Віктара Каліноўскага ў Свіслачы. Аб’екты, звязаныя з паўстаннем, будзем рыхтаваць і далей. Абавязкова будзем дамагацца нармальнага перапахавання праху Генрыха Дмахоўскага, кіраўніка паўстання на Дзісеншчыне. Два гады таму яго магіла была ўскрыта ваеннымі археолагамі для ідэнтыфікацыі. Прах быў перададзены ў гарвыканкам, і яго перапахавалі на звычайных камунальных могілках. Мы хацім, каб прах Дмахоўскага быў вернуты на гістарычнае месца пахавання з належнай вайсковай пашанай. Гэтае ж імя вядома па ўсім свеце. Генрых быў добрым скульптарам, яго працы знаходзяцца нават у Кангрэсе ЗША.

Там, дзе мы не перасякаем нічыіх фінансавых інтарэсаў, нашы ініцыятывы праходзяць. Незразумелая пазіцыя ўладаў з праектам узнаўлення мінскага замчышча. Мы распрацавалі свой навуковы праект, звярнуліся да Міністэрства культуры, што можам падараваць ім яго, няхай яны нават аўтарства сваё ставяць. Але быў абраны праект Сяргея Багласава з «Мінскпраекта». На стан мінулага года, на яго выдаткавана 6,5 мільярды рублёў. Вялікае пытанне, куды гэтыя вялізныя грошы засвоеныя і чаму на ўсіх узроўнях быў узгоднены гэты праект, які не адпавядае ніводнаму крытэрыю па аднаўленні гісторыка-культурнай спадчыны?! Рэалізацыя праекта пачнецца адразу пасля сканчэння чэмпіянату свету па хакеі, які пройдзе ў Мінску ў наступным годзе.

Альтэрнатыўны праект Замчышча, падрыхтаваны Антонам Астаповічам

Праект Замчышча Сяргея Багласава

Не менш жудасная сітуцыя з рэканструкцыяй вуліцы Гандлёвай. Мы распрацавалі ўсю дакументальную базу, але праект будзе рэалізоўвацца не па нашых эскізах, хутка мы пабачым 2-3-павярхвовыя будынкі пад гісторыю, але з элементамі хай-тэк – такая архітэктура недапушчальная ў гістарычным цэнтры!

Альтэрнатыўны праект вул. Гандлёвай, падрыхтаваны Антонам Астаповічам

Зацверджаны Мингарвыканкамам праект вул. Гандлёвай

Шмат непрыемнасцяў мы сустракаем у Брэсце. Не рэдка прыходзіцца судзіцца з забудоўшчыкамі і мясцовымі чыноўнікамі, бо ў цяперашнім цэнтры вядзецца дзікунская забудова, шмат пытанняў і да рэстаўратараў вуліцы Савецкая. Ёсць пытанні і да праекта Ірыны Лаўроўскай, які быў узгоднены мясцовым гарвыканкамам, па ўзнаўленні на тэрыторыі Брэсцкай крэпасці страчанай забудовы Старого горада. Мы зрабілі вельмі цяжкую працу для міжнароднага архітэктурнага конкурса, мы з максімальна магчымай дакладнасцю ўзнавілі Стары Брэст віртуальна, распрацавалі дакументацыю, намалявалі эскізы. Вельмі нядрэна будуць выглядаць будынкі былых касцёлаў і манкастэроў на тле крэпасных муроў і мануметаў. Патрэбны кантэкст, гэта не тое самае, што аднавіць Ратушу ў Мінску. Але мы гэта рабілі каб паказаць, якім горад быў раней, гэта не магчыма адбудаваць. Мы выпрацавалі методыку і зрабілі гісторыка-архітэктурны апорны план гістарычнай забудовы, якая калісьці існавала на тэрыторыі крэпасці. І гэты план мы прывязалі да сучаснай геападасновы 1:500. Было вельмі цяжка. Мы прызнаем, што наш архітэктурна-апорны план месцамі недакладны. На жаль, не існуе такой методыкі, каб зрабіць яго дакладным на 100%. Так, захаваліся картаграфічныя матэрыялы старого Брэста, але ў XVIII-XIX стст. Не існавала дакладнай інструментальнай тапаздымкі. А мы працавалі на аснове гэтых дакументаў. Палюс-мінус тры-пяць метраў ад размяшчэння аб’ектаў мы ў выніку атрымалі. Пэўныя аб’екты, дзе захаваліся падмуркі, мы здолелі прывязаць дакладна: манастыр іезуітаў, Мікольская ўніяцкая царква, і два бернардынскія манастыры, жаночы і мужчынскі. Сёння магчыма аднавіць толькі чатыры аб’екты: жаночы і мужчынскі бернардынскія манастыры, манастыр брыгітак, мануфактуру Тызенгаўза. Але тут працы не на адзін год. Цяжкасці ўзнікнуць з прававым кантэкстам, нават калі ў нас на руках будзе распрацаваны эскізны праект і будуць грошы, аднаўленне гэтых помнікаў будзе незаконным, таму што на тэрыторыі крэпасці пад аховай дзяржавы з’яўляюцца толькі аб’екты крэпасці і ландшафт. Трэба ўносіць змены і дапаўненні ў дзяржаўны спіс.

Стары Брэст

Ніякай палёгкі нам не даюць. Працы шмат. Хоць і ёсць станоўчыя моманты, але без цяжкіх парушэнняў не абыходзіцца, а яны для нас непрымальныя.

Новости

Вверх