«Дыктатар» па-беларуску

«Дыктатар» па-беларуску

Як паведамляе Пасольства Швецыі ў Miнску:

18 лютага а 14-й гадзіне ў галерэі «Ў» адбудзецца прэзентацыя кніжкі Ульфа Старка «Дыктатар» (папяровае + электроннае выданне) для маленькіх чытачоў, іх бацькоў і ўсіх зацікаўленых, а таксама аўтограф-сесія аўтара. Вядучы імпрэзы – Андрэй Хадановіч пры ўдзеле Віктара Шалкевіча.

Перад прэзентацыяй, а 13-й гадзіне, запрашаем журналістаў у кнігарню «логвінаЎ» (пр-т Незалежнасці, 37а) на прэс-канферэнцыю з удзелам аўтара.

Кніга «Дыктатар» распавядае пра малога хлопчыка, які ўпэўнены, што свет круціцца вакол яго. Кніга выйшла ў свет багата ілюстраваная вядомай фінскай афармляльніцай Ліндай Вандэстам. Беларускую версію кнігі стварылі перакладчыцы Наста Лабада і Вольга Рызмакова.

Ульф Старк (Ulf Stark) адзін з самых вядомых еўрапейскіх дзіцячых пісьменнікаў. Нарадзіўся ў 1944 годзе ў Стакгольме. Дэбютаваў як аўтар кніг для дарослых. З 1984 года вырашыў цалкам прысвяціць сябе дзіцячай літаратуры. Лаўрэат прэстыжнай прэміі Андэрсана. Піша вясёлыя і мудрыя кнігі – ад фэнтэзі да дзіцячых вершаў.

Электронная кніга Ульфа Старка «Дыктатар» выйшла ў выдавецтве BYBOOKS. Яе стваральнікі падазраюць, што гэта другая ў свеце электронная кніга па-беларуску для дзяцей, даступная для Apple iPad/iPhone/iPod. Першая – пераклад кнігі шведскіх аўтараў Юі і Тумаса Вісландэраў  «Мама Му будуе дамок» – таксама апублікаваная ў гэтым выдавецтве. Усе кнігі можна бясплатна спампаваць на сайце http://bybooks.eu/. Выраб электронных кніг для беларускіх дзетак стаў магчымым дзякуючы беларуска-шведскаму супрацоўніцтву. Больш падрябязна пра першае беларускае электроннае выдавецтва можна будзе даведацца падчас прэс-канферэнцыі.

WPcover_Ulf-Stark

 

Мнения

Вверх