Фірма “Гісторыя-Тур” памяняла дырэктара, але пакінула ранейшы курс на развіццё беларускай тэмы ў турызме

Фірма “Гісторыя-Тур” памяняла дырэктара, але пакінула ранейшы курс на развіццё беларускай тэмы ў турызме

Арт-дырэктар кампаніі Зміцер Сасноўскі паведаміў, што пасаду дырэктара зараз займае Таццяна Бардзіна.

Дагэтуль яна працавала ў галіне нерухомасці – была юрыстам у буйной фірме. Пасля выкупіла частку сядзібы “Бянюны” ў Ашмянскім раёне і стала адным з сузаснавальнікаў “Гісторыя-Тур” . Дзве другія часткі сядзібы належаць Алегу Галіцкаму і Андрэю Пяткевічу. “Сядзіба – гэта наш сямейны бізнэс, – кажа спадарыня Бардзіна. –  Мы запланавалі яе рэканструкцыю. Працуем з вядучымі беларускімі архітэктарамі. На тэрыторыі сядзібы будзе музей, кафэ, гасцініца – гэта будзе шматфункцыянальны комплекс для адпачынку”. Яна адзначае, што “Гісторыя-Тур” будзе працягваць працаваць у ранейшым накірунку – развіццё беларускай тэмы ў турызме. “Да таго ж, мы плануем пашырыць наш міжнародны аддзел. Зараз мы ўжо знайшлі партнёраў у Літве і Польшчы, працуем яшчэ ў накірунку Украіны. Новыя туры будуць зарыентаваныя паказаць нашу агульную гісторыю і традыцыі”.

У той жа час былы дырэктар Алесь Кушнер распавядае, што пакінуў турыстычны бізнэс з-за складанай эканамічнай сітуацыі. “У нас зімою, калі звычайна турысты не вельмі актыўныя, былі поўныя маршруты. А цяпер, у сезон, сітуацыя значна пагоршылася, хоць было шмат грошай укладзена ў распрацоўку маршрутаў, рэкламу. Сёння турыст некалькі разоў падумае: ці яму адправіцца на экскурсію, ці купіць каўбасы ў краме – абясцэніліся заробкі. І нейкага аптымістычнага прагноза для турыстычнаяй сферы у мяне, па шчырасці, няма”. Новую дырэктарку спадар Кушнер характарызуе станоўча. “Яна даўно ў бізнэсе, мае вялікі досвед. Думаю, што фірма працягне сваё развіццё”.

Дарэчы, новы маршрут з’явіцца ўжо заўтра. Ягоная назва – “Фальваркі Ракаўскага графства”. Распавядае арт-дырэктар Зміцер Сасноўскі: “Новы тур будзе ўключаць у сябе наведванне сядзібы Язэпа Янушкевіча, агляд гістрачнай экспазіцыі. Далей мы накіруемся ў сядзібу “Свет пчолаў” – там турысты змогуць убачыць увесь працэс прыгатавання мёду. А таксама паспрабаваць найлепшыя гатункі. Пасля ў нас запланаваны актыўны адпачынак ў сядзібе “Ганна” – дэмантрацыя і катанне на рэтра аўтамабілях, конях і брычках і нават верталёце. Там жа будзе дэгустацыя народных страваў і напояў, а таксама танцы пад жывую музыку”. Для турыстаў прапануюць замовіць тур цалкам або па частках. Спадар Сасноўскі дадае, што найбольшым попытам зараз карыстаюцца аўтобусныя вандроўкі па выходных і маршрут “Рыцарскі падворак”.

Мнения

Вверх