Што важней ў працы з замежнымі турыстамі: вопыт або веды?

Што важней ў працы з замежнымі турыстамі: вопыт або веды?

У большасці краін свету турыстычныя фэсты – найбольш актуальная нагода наведаць той ці іншы горад або вёску, даведацца пра мясцовыя традыцыі, павесяліцца і адпачыць. Шмат якія гарады і мястэчкі Беларусі славіліся некалі сваймі кірмашамі. У Івенцы і Валожыне сёлета выпрацавалі і скразны каляндар мясцовых фэстаў, пра што я ўжо пісаў у гэтым блогу. Аднак у мясцовых фэстаў яшчэ нямала праблем. Не заўжды іх падтрымліваюць мясцовыя ўлады, пра што красамоўна распавёў Сяргей Плыткевіч на прыкладзе Камарова. Але праблемы могуць ствараць не толькі мясцовыя ўлады, але і… самі турысты!

 

 

У мінулыя выходныя ў Івенцы (Валожынскі раён) адбыўся 2-гі Цукеркавы фэст. Атрымалася яшчэ цікавей і людней, чым летась, але выявілілся і тыповыя для нашай краіны недахопы выхавання гасцей і неразуменне імі, і нават самімі турфірмамі канцэпцыі турыстычнага фэсту – народнага кірмашу. Госці, прывезеныя некаторымі турфірмамі ў аўтобусах, адрозніваліся ад асноўнай масы гасцей фэсту – як івянчанаў, так і тых, хто прыехаў на ўласным аўто – не ў лепшы бок. Ніжэй дазволю сабе працытаваць ліст ад арганізатараў Цукеркавага фэсту да адной з рэгіянальных турфірм, чые турысты прыехалі на фэст, яўна не разумеючы, што гэта за з’ява. У прыватнасці, што яны – такія сама госці, як і звычайныя аўтатурысты або мясцовыя жыхары, і што турфірмы прадалі ім дарогу і экскурсійнае суправаджэнне – але не сам горад і ягоных жыхароў! І што дэгустацыя – гэта менавіта дэгустацыя, а не славутае “халява, сэр”! Што атрымліваецца ў выніку недахопаў выхавання і недапрацовак менэджэраў туріндустрыі – бачна ніжэй з водгуку арганізатараў фэсту, які атрымала адна з рэгіянальных турыстычных фірмаў….

 

"Дзень добры, N***! Даруйце, але мы былі надта была занятая на фэсце, каб распытаць, хто прывёз групу з N***!, і раззнаёміцца. Дый не выпадала знаёміцца: ваша экскурсавод адразу стала груба лаяцца, пагражаць нейкімі разбіральніцтвамі. Ледзь мы ўсе разам яе супакоілі. Яшчэ ў дарозе да Івянца яна пастаянна тэлефанавала й патрабавала сустракаць групу, весці яе да месца й г.д. Наколькі я памятаю, дамовы між нас гэткай не было, каб мы сустракалі, вадзілі, прымалі, рассаджвалі, дзе каму камфортна й зазіралі ў рот: а што яшчэ панам высокім падаць? На паноў высокіх сваімі паводзінамі N***чане яўна не "цягнулі”. Фэст ім быў ані троху не цікавы: сталі шчыльнай сьцяной пад дзвярыма майстэрні, у якой вялася дэгустацыя, усіх адганялі, злаваліся, абураліся ўсім на свеце, чаго й ня бачылі...

 

А як было нешта ім, няшчасным, убачыць, калі праехалі не адну сотню кілямэтраў, каб адно дапасці да цукерак дармавых. І вось, маўляў, выкідайце цяпер усіх, нават дзіцячыя групы з мясцовага дому-інтэрнату, бо з'явіліся дарослыя дзядзькі й цёткі, якія ніколі -- аказваецца -- за жыццё ня елі самых звычайных цукерак. І колькі мы ні прасілі пайсьці паглядзець, ШТО адбываецца на сядзібе (а там была раскоша спеваў, танцаў, гульняў, конкурсаў, частаванняў этнічнымі стравамі, рыцарскіх рысталішчаў), анічагуткі іх не праймала. Упэўнена, што яны нават і мясьціны той не запомнілі, да якой прыехалі. Савецкую нахабшчыну й поўную абыякавасьць (і да людзей, і да культуры) -- вось што дэманстраваў старажытны N***. Нам было сорамна ўлагоджваць і сьцішваць экскурсавода, якая замест таго, каб з’ядноўваць групу, накіроўваць яе на пазнанне нечага мастацкага (паўтараю: было што пазнаваць і ў чым удзельнічаць!) падбухторвала іх на патрабаванне тэрміновага й неадменнага абслугоўвання дэгустацыяй. Заўважу: дэгустацыя была БЯСПЛАТНАЙ, ДАРУНКАВАЙ. У народзе здаўна кажуць: доранаму каню ў зубы не глядзяць... А тут чалавек трымаў сябе гэтак, быццам ён уклаў мільёны, а яму прапаноўваюць узамен грашы. Аднак жа той, хто здатны ўкласьці заробленыя мільёны, якраз вось такім чынам сябе трымаць спасярод сьвяточнага пляцу й мноства людзей, сабраных адпачыць і нешта ўведаць (а ня толькі наесьціся цукерак!) не дазволіць. Мала таго: патрабавалі з сабой і мінэральнай вады, і маслін, і лімону -- усяго, што было на стале дзеля правядзення клясычнай дэгустацыі.

 

Нагадваю: кампанія "Івкон", спонсар Цукеркавага Фэсту -- вытворца кандытарскай прадукцыі, і ўсё астатняе, што прадугледжвае дэгустацыя -- дзеля перабівання смаку цукерак падчас каштавання -- мы самі набывалі ў краме, як і кожны чалавек у краіне. Дык з якое прычыны можна патрабаваць усяго гэтага выдаць з сабой? Бо -- бачыце -- замала цукерак, якія смакуеце й якія яшчэ дадаткова везяцё дамоў, нічога не заплаціўшы?.. На жаль, так сябе паказалі не адно N***чане: турфірмы не гатовы ў нашай краіне спалучаць мастацтва з матэрыяльным набыткам. Каля дэгустоўні стаялі лямант, крэч, праклёны роўна да таго моманту, пакуль не здаволіліся афіцыйныя турысты. А як толькі яны ад'ехалі, так і не азірнуўшыся нават паглядзець: а куды гэта яны патрапілі й што тут насамрэч адбываецца, акрамя як даюць ні зашто ні пра што цукеркі, усё адразу ўраўнаважылася, стала спакойна, мірна, паважна ды інтэлігентна: людзі ціха падыходзілі, складалі міжсобку групы й радасна ласаваліся пачастункамі -- ня рвалі й не патрабавалі, але выказвалі шчырую падзяку.

 

Вось апісалі вам маляўніча карцінку, створаную нашай спробай далучыць людства да традыцый і мастацтва праз салодкую вандроўку. Пакуль -- поўны правал. І ўчора мы вырашылі больш і блізка ня клікаць на сядзібу, дзе разгортваецца гістарычна-фальклёрная дзея пра род-народ і нашы карані, турыстаў, сабраных агенцыямі. Раскудлацілі ўвесь пляц сваёй нястрымнасцю. Куды прасцей прымаць людзей, якія самі выбіраюць прыехаць на фэст, а дэгустацыя для іх -- толькі маленькі смачны эпізод усярэдзіне фэстывальнага дня, кароткі, затое прыемны. А таму наўрад ці ў такім кантэксце варта нам адна другую падманваць і доўжыць нейкія творчыя стасункі: творчымі яны не атрымаліся.

 

Чаму так выявілася, мяркую, вы прааналізуеце самі, без маіх высноў (у тым разе, калі паверыце мне...). А я пакуль развітваюся й жадаю плёну ў вашай надзвычай складанай працы -- і з грамадзянамі Рэспублікі Беларусь, згаладалымі ў беспрасьвецьці свайго аднастайнага жыцьця, і з супрацоўнікамі, якія, відаць, не зусім разумеюць, ШТО яны сеюць і ШТО вырастае пасьля. Бывайце здаровы! Калі ў нечым памыліліся й нейкія дэталі тычацца ня вашай групы, загадзя прашу прабачыць: адрозніць лепшае ад горшага ў нашым выпадку было практычна немагчыма: усё злілося ў суцэльную сварку, учыненую прывезенымі турыстамі. І змоўчаць пра гэта, у спадзеве, што некалі само зменіцца, было б непраўдзіва... Да лепшых часоў і сустрэч - Цукеркавы Фэст"

Мнения

Вверх