Беларусь згубіла «Дах» у Берліне

Беларусь згубіла «Дах» у Берліне

У Берліне 4 верасня закрыўся культавы цэнтр альтэрнатыўнай культуры «Тахелес» (Tacheles), за захаванне якога мастакі змагаліся некалькі гадоў. Судовыя выканаўцы атрымалі ключы ад будынка і апячаталі яго. З «Тахелесам» звязана і гісторыя беларускай мастацкай прысутнасці ў Берліне, паведамляе радыё «Рацыя».

Неаднойчы жыў і працаваў у гэтым творчым доме пісьменнік і мастак Зміцер Вішнёў.

– Там працавалі мастакі з самых розных краін. Але варта сказаць, што пры «Тахелесе» існаваў адмысловы цэнтр беларускай культуры пад назвай «Дах». І там працавалі самыя розныя мастакі з Беларусі. І адтуль распачаў творчую экспансію па ўсім свеце Алесь Родзін. І дзякуючы «Тахелесу» адбываліся буйныя фестывалі «Дах».

Цэнтр сучаснага мастацтва сфармаваўся ў будынку былога ўнівермага пасля аб’яднання Германіі. Там знаходзіліся майстэрні мастакоў, выставачныя залы, там жа яны прадавалі свае карціны.

«Тахелес» апісаны ў двух беларускіх раманах – «Замак, пабудаваны з крапівы» Зміцера Вішнёва і «Шалом» Артура Клінава.

Васіль Кроква

Новости

Вверх